Расея пачала захоп Усходняй Украіны (Відэа)
80- 7.04.2014, 13:19
- 166,088
Сепаратысты абвясцілі аб незалежнасці «Данецкай рэспублікі».
У трох усходніх рэгіёнах Украіны працягваюцца правакацыі, арганізатарамі якіх выступілі «турысты», якія прыехалі з Расеі, мясцовыя крымінальныя элементы і прыхільнікі Віктара Януковіча, які ўцёк з краіны.
Данецк
Сепаратысты, якія захапілі Данецкі абласны савет, заявілі пра стварэнне «Незалежнай Данецкай рэспублікі». Дадзенае рашэнне было прынята на пазачарговай сесіі самаабвешчанага «народнага савета» вобласці і абвешчана вядучым удзельнікам мітынгу каля сцен будынка абласнога савета, перадае мясцовае выданне «ОстроВ».
Натоўп сустрэў гэтую заяву крыкамі «Расея, Расея». Пазней той, хто выступаў, дадаў, што гэтае рашэнне прынята на пазачарговай сесіі аблсавета. Пазней «народны савет» прыняў яшчэ адно рашэнне - аб уваходжанні зноў створанай «рэспублікі» ў склад Расеі. Мітынгоўцы сустрэлі гэтую інфармацыю крыкамі: «Пуцін, дапамажы!»
Сепаратысты патрабавалі прыняць дадзенае рашэнне на легітымнай сесіі абласнога савета, аднак дэпутаты не сабраліся, таму ўзброеныя сепаратысты «пазбавілі» іх мандатаў і «сфармавалі» «народны абласны савет».
У цяперашні час з флагштока каля абласнога савета зняты сцяг Данецкай вобласці і падняты сцяг «Данецкай рэспублікі».
Мітынгоўцы працягваюць умацоўваць барыкады, падвозяць аўтамабільныя пакрышкі. Са сцэны просяць аб дапамозе транспартам. Побач з барыкадамі стаяць бочкі з гаручай сумессю, і, як заявіў адзін з актывістаў, яны гатовыя ў выпадку неабходнасці іх падпаліць. Уваход у абладміністрацыю зачынены для супрацоўнікаў украінскіх СМІ. Бакавыя ўваходы ў адміністрацыю ахоўваюцца міліцыяй, на прылеглых да абладміністрацыі вуліцах часткова перакрыты рух транспарту.
Луганск
Баевікі, якія захапілі адміністрацыйныя будынкі ў Луганску, абвясцілі аб стварэнні Арміі паўднёва-усходу. Яны выступілі са зваротам да жыхароў рэгіёну.
«Мы, аб'яднаны штаб арміі паўднёва-усходу, звяртаемся да народа нашых абласцей. Мы абяцалі, што калі да 6 красавіка не будуць выкананыя нашы патрабаванні, мы ўступім у адкрытае супрацьстаянне.
Цяпер мы звяртаемся да вас з абласнога СБУ ў Луганскай вобласці. Будынак цалкам пад нашым кантролем. Мы заклікаем ўсё насельніцтва абласцей выйсці ў падтрымку нас і нашых патрабаванняў, якія тычацца нас усіх - усяго паўднёва-усходу. Пара выступіць за свае правы і нашы каштоўнасці. За апошнія суткі наша армія шматкроць павялічылася. У дадзены момант мы гатовыя адправіць рэзервовы атрад у горад Данецк, калі ў гэтым будзе неабходнасць. Але без усеагульнай народнай падтрымкі мы не зможам змяніць нічога. Уставай, паўднёва-усход», - сказана ў заяве.
Харкаў
Мітынгоўцы, якія ўчора ўвечары захапілі будынак Харкаўскай аблдзяржадміністрацыі, патрабуюць назваць вінаватых у забойстве на вуліцы Рымарскай. Пра гэта паведаміў гарадскі старшыня Харкава Генадзь Кернэс, піша «Укринформ».
«Тут знаходзяцца харкаўчане, якія хочуць даведацца, як прасунулася следства забітых на вуліцы Рымарскай», - сказаў Кернэс. Паводле яго слоў, гэта - галоўны матыў таго, што людзі прыйшлі да будынка адміністрацыі.
Нагадаем, у нядзелю, 6 красавіка, у абласных цэнтрах Усходняй Украіны адбыліся шматтысячныя мітынгі, у выніку якіх мясцовыя актывісты, якія не прызнаюць уладу ў Кіеве, пачалі захоп будынкаў дзяржаўнай улады.
У прыватнасці, яны захапілі будынак упраўлення СБУ ў Данецку . Актывісты Народнага апалчэння Данбаса паведамілі, што будынак УСБУ ўмацоўваецца па перыметры, ідзе рэвізія архіўна-дакументальнай базы і матэрыяльна-тэхнічнага комплексу. Таксама людзі захапілі будынак абласной дзяржаўнай адміністрацыі .
У Луганску прарасейскія актывісты штурмам узялі будынак мясцовай СБУ. Яны патрабавалі вызвалення свайго верхавода - народнага губернатара Аляксандра Харытонава. Таксама паведамляецца, што ДАІ перакрытыя ўсе пад'езды да Луганска.
Абласная адміністрацыя была захопленая і ў Харкаве .