18 траўня 2024, Субота, 0:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка папрасіў спецслужбы не трапляцца на вочы журналістам

24
Лукашэнка папрасіў спецслужбы не трапляцца на вочы журналістам

Кіраўнік раздаў указанні сілавікам па правядзенні ЧС па хакеі.

Пра гэта ішла размова сёння на пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі, піша «Інтэрфакс».

«Мы проста абавязаныя паказаць сябе ўсёй сусветнай супольнасці з лепшага боку, - заявіў Лукашэнка. - Я ўпэўнены, што мы зможам прадэманстраваць высокую ступень арганізацыі сусветнага хакейнага форуму, а таксама даказаць усім, што мы, сапраўды, цывілізаваная дзяржава ў цэнтры Еўропы».

«Наша першачарговая задача як арганізатараў заключаецца ў тым, каб забяспечыць бяспеку ўдзельнікаў і гасцей. Галоўнае, не дапусціць ніякіх правакацый», - сказаў ён.

Пры гэтым Лукашэнка звярнуў увагу, што «мы павінны паспрабаваць зрабіць так, каб меры бяспекі не былі дакучлівымі, не кідаліся ў вочы, не ціснулі на ўдзельнікаў і гасцей спаборніцтваў, на журналістаў».

«Яшчэ раз падкрэсліваю: мы да чэмпіянату свету гатовыя. Калі трэба будзе дзесьці далізаць, прывесці ў парадак нейкую вуліцу ці гасцініцу, я думаю, мы гэта зробім за месяц з поспехам», - падкрэсліў ён.

Па словах дыктатара, «асобныя заходнія палітыкі з кан'юнктурных меркаванняў спрабавалі накруціць сітуацыю вакол правядзення турніру ў Менску, выкарыстоўваючы самыя выдасканаленыя метады інфармацыйнага ціску».

Лукашэнка заўважыў, што ў гэтым сэнсе «асабліва каштоўнай для нас з'яўляецца падтрымка міжнародных спартыўных арганізацый».

«Нягледзячы на жорсткі прэсінг з боку асобных еўрапейскіх арганізацый і палітыкаў, Міжнародная федэрацыя хакея і асабіста Рэнэ Фазель не завагаліся пад націскам, былі бескампрамісныя і верныя спартыўным ідэалам», - падкрэсліў ён.

Нагадаем, права арганізацыі чэмпіянату Лукашэнка атрымаў яшчэ ў 2009 годзе. Яго правядзенне запланавана з 9 па 25 траўня наступнага года на «Менск-Арэне» і «Чыжоўка-Арэне».

З-за парушэнняў уладамі Беларусі правоў чалавека і наяўнасці палітвязняў праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі выступілі супраць арганізацыі спартыўнага мерапрыемства. Ідэю пераносу турніру падтрымалі многія еўрапейскія і амерыканскія палітыкі. Некаторыя краіны ўжо прыгразілі байкатаваць чэмпіянат у выпадку яго правядзення ў Менску з-за рэпрэсій, якія ажыццяўляюць беларускія ўлады.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках