Дарожная карта для правінцыйнай дыктатуры
9- Уладзімір Халіп
- 12.05.2014, 13:07
- 20,247
Гэта яшчэ не катастрофа, але рашучы крок у тым напрамку.
Падзея настолькі дробязная, што на яе амаль ніхто нават увагі не звярнуў. Аднак яна можа выклікаць сейсмічныя зрухі ў жыцці краіны. Крыху пазней.
Драздоўскага правіцеля тэрмінова паклікалі ў Маскву. Не навіна. Колькі разоў тое было. Найчасцей пасля ягоных чарговых выбрыкаў. Але гэтым разам - у самы нязручны момант. Напярэдадні Дня Перамогі і адкрыцця чэмпіянату па хакею. Менавіта ў той час, калі ён аддае апошнія каманды і забяспечвае чаканы поспех і ўздым.
Адмовіцца было немагчыма - паклікаў Пуцін. Кінуў усё, паехаў. І там, у Маскве, яго нібы падмянілі. Толькі што быў непахісны і рашучы. Дазваляў сабе нават гнеўныя выказванні на адрас крамлёўскага гаспадара. А як жа маўчаць, калі той хоча абвесці вакол пальца свайго адданага паплечніка? Амаль сілай заганяе ў Еўразійскі эканамічны саюз, дзе краіну чакаюць толькі страты ды нягоды.
Яшчэ трэцяга траўня правіцель бескампрамісна заявіў: «Мы не можем пойти в ущерб себе в этот экономический союз». І сапраўды, каму незразумела, што гэта чарговая імперская пастка. Прымітыўная, як заўсёды, і нахабная, як ніколі. Нават без кавлачка спакуслівага сыру. І не паставіць ён свой подпіс пад той дамовай, пакуль Расія не забяспечыць надзейныя гарантыі паставак таннага газу і адпаведнай нафты.
Гэта ж якая адвага! Здавалася б, звычайны чаляднік, пакорлівы паслугач Крамля, а ў адказны момант самога Пуціна не пабаяўся. Кінуў бескампрамісна: не падпішу! Хто яшчэ такое мог сабе дазволіць?
Рэйтынг павялічыўся прыкметна. Зноў пачуліся заклікі аб’яднацца вакол правадыра. І знайшліся нават тыя, хто бачыў ужо сябе ў ягоных шыхтах на ўсходнім рубяжы. Дым, артылерыя грыміць. Але ў агні – гарант на белым кані. Не шкадуючы жыцця, бароніць наш суверэнітэт. Ну як жа тут не стаць з ім побач?
Усе тыя, хто не звязваў надзеі з адзінаабраным, глыбока памыляліся. І толькі сапраўдныя патрыёты знайші нарэшце выйсце з багны глыбінёй у дваццаць год. Нібы сякеру пад лаўкай. Было ж калісьці сказана: калі не ён, то хто?
Ды што там нашы саматужныя стратэгі! Нават новае украінскае кіраўніцтва, маючы досвед Майдану і змагання з усходнім агрэсарам, паддаліся палкім прамовам драздоўца. Шмат каму падалося, нібыта ён асуджае анэксію Крыму і забурэнні ў Данбасе. Нават Аляксандр Турчынаў мэтаю свайго пакуль што адзінага замежнага візіту абраў Беларусь. Нечакана знойдзенаму тут прыхільніку украінскай дэмакратыі добразычлівыя суседзі далі самы спрыяльны час на адным з папулярных тэлеканалаў. І ён з імпэтам Хлестакова распавядаў пра тое, як хочацца яму бачыць Украіну непадзельнай і прыехаць у Кіеў на плузе, каб нешта там ўзараць.
І раптам такі аблом! Ледзь толькі ўбачыў жывога Пуціна, як адразу здаў усё і ўсіх. І анэксію Крыму падтрымаў. І ў далейшых намаганнях расійскага кіраўніцтва пазначыў сваё месца: «У нас просто выхода другого нет, как быть вместе». Вось такі прыхільнік непадзельнасці. Для Украіны ўрок, але страта невялікая.
А вось для Беларусі – не проста страта. Магчыма, катастрофа. Дамову ён падпіша. І заўважыць не паспеем, як саюз эканамічны стане палітычным. Імперыя адродзіцца. У абліччы монстра, які супрацстаіць заходняй цывілізацыі і здароваму сэнсу. Пасля захопу Крыму і рокашу ў Данбасе, Пуцін адчуў сябе нацыянальным героем. Спыніцца, адмовіцца ад гэтай ролі імперскае грамадства яму ўжо не дазволіць.
Нездарма ж, сабраўшы ў Маскве будучых саўдзельнікаў крыжовага паходу супраць Захаду, ён старанна дэманстравыаў ім расійскую моц. Імітаваў атамны контрудар. Паказаў і шмат чаго іншага.
Абачлівы Назарбаеў на той псіхалагічны сеанс не прыехаў. Кіраўнікі Арменіі, Таджыкістану ды Каргызстану сядзелі ціха, агаломшаныя. І толькі драздоўскі правіцель, ацаніўшы напоўніцу дарожную карту будучага саюза, гасцінна разгорнутую Пуціным, выказаў бязмежную адданасць крамлёўскаму гаспадару. У якасці ўзнагароды за паслушэнства паабяцалі яму два мільярды крэдыту.
Вярнуўшыся, ён доўга разважаў пра нейкія выгоды, нібыта абяцаныя яму кімсьці ў Маскве. І пераконваў падначаленых, што тыя два мільярды адсыпаны шчодрай рукой багатага суседа «на поддержание золотовалютных резервов». Але ўсім зразумела, што ва ўмовах татальнага крызісу гэтых сродкаў хопіць толькі на падтрыманне штаноў з лампасамі. Тут куды ні кінь, усюды клін. І поўная безнадзейнасць.
У той дзень, на які прызначана падпісанне крамлёўскай дамовы, гісторыя на сподачку паднясе беларусам рахунак за недаравальную памылку 1994 года. І каб пагасіць той рахунак, давядзецца нарэшце адарвацца ад тэлевізара і ўзяць лёс краіны ва ўласныя рукі.
Але сёння размова пра тое заўчасная. У грамадства клопат іншы.
Усе глядзяць хакей.
Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org