21 красавiка 2019, Нядзеля, 6:07
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

«Еўрапейская Беларусь»: Спыніце «хакейныя» рэпрэсіі

5

Усе затрыманыя перад Чэмпіянатам свету актывісты павінны быць неадкладна вызваленыя.

Міжнародныя мерапрыемствы высокага ўзроўню ў дыктатарскіх краінах рэзка пагаршаюць сітуацыю з правамі чалавека. Пра гэта, як стала вядома charter97.org, заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Атрошчанкаў у ходзе канферэнцыі АБСЕ, якая праходзіць у Варшаве.

«Практыка паказвае, што міжнародныя мерапрыемствы высокага ўзроўню, якія праводзяцца ў дыктатарскіх краінах, рэзка пагаршаюць сітуацыю з правамі чалавека ў гэтых краінах. Так было ў выпадку правядзення конкурсу «Еўрабачанне» ў Азербайджане, зімовай алімпіяды ў Сочы. Гэта мы назіраем сёння падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі. Цалкам відавочна, што масавыя парушэнні правоў чалавека будуць адбывацца падчас падрыхтоўкі чэмпіянату свету па футболе 2018 года, які будзе праводзіцца ў Расеі. Наша кампанія лічыць, што ў рамках механізмаў АБСЕ павінна быць створаная кантактная група па прадухіленні гвалтоўных знікненняў, адвольных затрыманняў і катаванняў падчас такіх мерапрыемстваў» - заявіў Аляксандр Атрошчанкаў у сваім выступленні.

Акрамя таго, Атрошчанкаў распавёў пра адвольныя затрыманні палітычных і грамадскіх актывістаў, спартыўных заўзятараў, пра прымусовую працу і масавую адпраўку тых, каго ўлады адносяць да «антысацыяльных элементаў», у працоўныя лагеры.

На канферэнцыі была распаўсюджаная заява грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» з патрабаваннем неадкладна спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітычных зняволеных і аднавіць правы іншых грамадзян, якія пацярпелі ў сувязі з гэтым спаборніцтвам.

Прыводзім яго тэкст цалкам:

Турэмныя гульні

Масавыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі ў сувязі з Чэмпіянатам свету па хакеі на лёдзе

Нягледзячы на шматлікія заявы і запэўніванні ў тым, што спорт па-за палітыкай, Чэмпіянат свету па хакеі на лёдзе прывёў да масавых рэпрэсій супраць палітычных і грамадзянскіх актывістаў і розных сацыяльных груп беларускага грамадства.

Актывісты розных палітычных партый і грамадскіх арганізацый падвяргаюцца адвольным затрыманням і адміністрацыйным арыштам на розныя тэрміны па сфабрыкаваных абвінавачваннях у «дробным хуліганстве».

Ніжэйпаказаныя людзі арыштаваныя на розныя тэрміны:

Зміцер Дашкевіч - затрыманы 24.04.2014 - 25 сутак арышту;

Аляксандр Францкевіч - затрыманы 25.04.2014 - 25 сутак арышту

Юрый Рубцоў - затрыманы 26.04.2014 - 25 сутак арышту;

Леанід Смоўж - затрыманы 26.04.2014 - 20 сутак арышту;

Дзяніс Карноў - затрыманы 26.04.2014 - 20 сутак арышту;

Аляксандр Курбацкі - затрыманы 26.04.2014 - 20 сутак арышту;

Аляксандр Стукін - затрыманы 26.04.2014 - 20 сутак арышту;

Валерый Тамілін - затрыманы 26.04.2014 - 20 сутак арышту;

Уладзімір Новікаў - затрыманы 26.04.2014 - 15 сутак арышту;

Андрэй Цянюта - затрыманы 05.05.2014 - 10 сутак арышту - Гомель;

Мікалай Дземідзенка - затрыманы 05.05.2014 - 20 сутак арышту;

Міхаіл Мускі - затрыманы 05.05.2014 - 20+1 сутак арышту;

Ілля Валовік - 06.05.2014 - 10 сутак арышту;

Сяргей Пазняк - 06.05.2014 - 10 сутак арышту; ;

Кірыл Ермаловіч - 06.05.2014 - 10 сутак арышту;

Аляксандр Палякоў - 06.05.2014 - 10 сутак арышту;

Леанід Кулакоў - 07.05.2014 - 10 сутак арышту;

Анастасія Кухта - 07.05.2014 - 17 сутак арышту ,

Аляксандр Арлоў - 07.05.2014 - 20 сутак арышту.

Станіслаў Рачкель - 08.05.2014 - 10 сутак арышту;

Уладзіслаў Запасаў -08.05.2014 - 10 сутак арышту;

Андрэй Ткачоў - 07.05.2014 - 15 сутак арышту;

Вячаслаў Завінеўскі - 08.05.2014 - 10 сутак арышту;

Сяргей Мацкойць - 07.05.2014 - 20 сутак;

Зміцер Паліенка - 08.05.2014 - 10 сутак арышту;

Зміцер Юшкевіч - 08.05.2014 - 20 сутак арышту;

Сяргей Казакоў - 08.05.2014 - 20 сутак арышту;

Даніла Ганчароў

( спіс увесь час папаўняецца )

Актыўнае «паляванне» на актывістаў розных рухаў і партый працягваецца. Менская міліцыя шукае Марыну Хоміч, Антона Жылко, Артура Фінькевіча, Сяргея Бяспалава, Змітра Кавалгіна, Ягора Віняцкага і многіх іншых.

Хваля арыштаў закранула не толькі палітычна актыўных людзей, але і прадстаўнікоў іншых груп. Так 6 траўня арыштаваныя і прысуджаныя да адміністрацыйнага арышту па абвінавачванні ў «дробным хуліганстве» чатыры фаната сталічнага спортклуба «Партызан», заўзятары якога вядомыя сваімі антыфашысцкімі поглядамі. Усіх чатырох - Іллю Палавіка, Сяргея Пазняка, Кірыла Ермаловіча і Кірыла Клыкава да 10 сутак арышту прысудзіў суддзя Юрый Гарбатоўскі. Арыштаваныя таксама ўдзельнікі фан-клуба ФК «БАТЭ», у тым ліку яго лідар Аляксандр Марозаў.

Варта таксама адзначыць, што рэпрэсіі таксама накіраваныя на тыя групы насельніцтва, якія не з'яўляюцца палітычна актыўнымі, не маюць сувязяў са СМІ і праваабарончымі арганізацыямі. Улічваючы гэты факт, можна выказаць здагадку, што рэальная колькасць людзей, якія пацярпелі ад «зачысткі», звязанай з Чэмпіянатам свету па хакеі на лёдзе можа быць у дзесяткі разоў больш, чым пра гэта паведамляецца.

Таксама за кратамі застаюцца палітычныя зняволеныя Мікола Статкевіч, Алесь Бяляцкі, Эдуард Лобаў, Міхаіл Дзядок, Ігар Аліневіч, Арцём Пракапенка, Яўген Васьковіч і Васіль Парфянкоў, на якіх пастаянна аказваецца моцны ціск.

Акрамя таго, масава парушаюцца іншыя базавыя палітычныя, грамадзянскія, сацыяльныя і эканамічныя правы. Шырока ўжываецца прымусовая праца. Так, студэнты розных ВНУ прымушаліся да працы на будаўніцтве «Чыжоўка-Арэны» ў Менску.

Больш за тое, Менскі выканкам афіцыйна заявіў, што ў рамках падрыхтоўкі да Чэмпіянату Менск будзе «ачышчаны» ад так званых «антысацыяльных элементаў», г.зн. бяздомных алкаголікаў, прастытутак. Апошняя інфармацыя выдатна дэманструе метады такіх «чыстак». Варта адзначыць, што ў Беларусі шырока распаўсюджаная практыка змяшчэння людзей, якія пакутуюць алкагольнай або наркатычнай залежнасцю, у спецыяльныя прымусовыя працоўныя, па сутнасці, канцэнтрацыйныя лагеры.

Такая сітуацыя не стала нечаканасцю. Беларуская палітычная апазіцыя, грамадзянская супольнасць і праваабаронцы папярэджвалі аб хвалі рэпрэсій, звязанай з Чэмпіянатам свету. Міжнародная хакейная федэрацыя атрымала шматлікія папярэджанні пра цяжкія наступствы міжнародных мерапрыемстваў высокага ўзроўню ва ўмовах дыктатур ад дэпутатаў Еўрапейскага Парламента, міжнародных праваабарончых арганізацый, вядомых спартсменаў, дзеячаў культуры, але засталася глухая да ўсіх заклікаў і паднесла бязлітаснаму дыктатару падарунак у выглядзе Чэмпіянату свету па хакеі на лёдзе.

Мы асуджаем супрацьзаконную жорсткасць беларускіх уладаў.

Мы патрабуем неадкладна спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітычных зняволеных і аднавіць правы іншых грамадзян, якія пацярпелі ў сувязі з гэтым спаборніцтвам.

Мы нагадваем, што Міжнародная Хакейная Федэрацыя і яе прэзідэнт Рэнэ Фазэль нясуць прамую адказнасць за хвалю «хакейных рэпрэсій» у Беларусі і патрабуем прыняцця тэрміновых мер для вызвалення невінаватых, якія пацярпелі ад гэтага ганебнага рашэння.