З Гомеля выляцеў першы самалёт у Грэцыю
1- 28.05.2014, 15:34
- 10,263
Наперадзе пералёты ў Балгарыю і Прыбалтыку.
У сераду 28 траўня з Гомеля выляцеў першы чартар у Салонікі з сотняй пасажыраў на борце.
Плануецца, што з абласнога цэнтра да верасня будзе здзейснена 12 чартэрных рэйсаў у Грэцыю па маршруце Менск - Салонікі - Гомель - Салонікі - Менск, паведамляе onliner.by.
На гэтае лета запланаваны 23 рэйса кампаніі «Белавія» ў Бургас, на курорт Балгарыі. Рэгулярным стане балтыйскі маршрут: два разы на тыдзень будзе курсіраваць рэйс у Калінінград. Павелічэнне турыстычных рэйсаў спецыялісты звязваюць з бояззю турыстаў ляцець на паўднёвыя курорты праз Кіеў.
Сітуацыю пракаментаваў начальнік Гомельскага філіяла «Белаэранавігацыя» Павел Навасёлаў:
- Нас ні ў якім разе нельга параўноўваць з кіеўскім аэрапортам «Барыспаль». Аб'ёмы перавозак непараўнальныя. Але калі турыстычныя аператары будуць больш актыўна супрацоўнічаць з «Белавія», нам толькі плюс. Гомельскі аэрапорт мае сёння ўсе магчымасці для прыняцця і адпраўкі судоў любых міжнародных авіяліній.
Гомельскі аэрапорт - галоўная запасная авіяпляцоўка краіны. Тут могуць садзіцца любыя судны масай да 200 тон. Ёсць магчымасці для тэхнічнага абслугоўвання «Боінгаў», «Эйрбасаў» і Ту.
Нагадаем, ледзь раней стала вядома пра тое, што гомельскі аэрапорт можа стаць альтэрнатывай украінскаму «Барыспалю» пад Кіевам.