Беспарадкі ў Адэсе арганізаваныя чыноўнікамі Януковіча
11- 3.05.2014, 13:32
- 15,845
Да масавых беспарадкаў у Адэсе датычныя былы першы віцэ-прэм'ер Сяргей Арбузаў і былы кіраўнік Міністэрства даходаў і збораў Аляксандр Кліменка.
Пра гэта гаворыцца ў заяве Службы бяспекі Украіны.
«Правакацыі, якія адбыліся 2 траўня ў Адэсе, і прывялі да сутыкненняў і масавых ахвяраў людзей, адбыліся пры вонкавым умяшанні і фінансаванні былымі высокапастаўленымі чыноўнікамі ўрада Януковіча, якія хаваюцца ў суседняй дзяржаве - Арбузава (на фота) і Кліменкі», - гаворыцца ў заяве прэс-службы СБУ, апублікаванай у суботу.
Нагадаем, паводле апошніх звестак, падчас сутыкненняў, якія былі справакаваныя атакай прарасейскіх баевікоў на акцыю ў падтрымку адзінства Украіны ў Адэсе, загінулі 43 чалавекі, 25 знаходзяцца ў цяжкім стане. Большасць загінулых - ахвяры пажару ў Адэскім доме прафсаюзаў.