11 кастрычнiка 2024, Пятніца, 0:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марцін Угла: Рэжым Лукашэнкі адпомсціў мне за заклікі да байкоту ЧС па хакеі

3
Марцін Угла: Рэжым Лукашэнкі адпомсціў мне за заклікі да байкоту ЧС па хакеі

Праводзіць Чэмпіянат свету па хакеі ў Беларусі было найвелізарнай памылкай.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю сайту charter97.org выказаў кіраўнік шведскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла, якога сёння дэпартавалі з Беларусі.

«Цяпер у Швецыі амаль усе СМІ асвятляюць маю сітуацыю. Многія тэлеканалы, радыёстанцыі і газеты тэлефануюць у Шведскую федэрацыю хакея і патрабуюць неадкладна адрэагаваць», - сказаў ён.

Праваабаронца падкрэсліў, што адмова яму ва ўездзе ў Беларусь - доказ еўрапейскім палітыкам і спартыўным функцыянерам, якія не прымалі аргументаў за перанос ЧС па хакеі ў Менску.

«Мы папярэджвалі, што беларускі рэжым не будзе такім адкрытым, як ён абяцаў. І мая дэпартацыя - гэта сумны доказ таго, што мы мелі рацыю. Шкада, што гэта не дайшло да Міжнароднай хакейнай федэрацыі і яе кіраўніка Рэнэ Фазеля, які ўвесь час прасіў не змешваць спорт з палітыкай. Але маёй дэпартацыяй і масавымі арыштамі апазіцыянераў напярэдадні чэмпіянату Лукашэнка сам змяшаў спорт з палітыкай. Дарэчы, старшыня Шведскай федэрацыі хакея пасля таго, што здарылася са мной, паабяцаў падняць гэтае пытанне на міжнародным узроўні. Але больш важна, каб падымалі пытанне пра беларускіх актывістаў, арыштаваных у апошнія дні, таму што іх сітуацыя нашмат горшая за маю», - адзначыў Марцін Угла.

Па словах праваабаронцы, такім чынам беларускія ўлады адпомсцілі яму за актыўныя заклікі да байкоту ЧС па хакеі ў Менску.

«Але гэта звязана не толькі з заклікамі перанесці чэмпіянат з Беларусі, таму як я, так і дэпутат Еўрапарламента Марэк Мігальскі, крытыкавалі рэжым Лукашэнкі за парушэнне правоў чалавека ў Беларусі ў цэлым. Але нават нягледзячы на чарговую адмову мне ва ўездзе, я буду працягваць сваю праваабарончую дзейнасць», - заявіў ён.

Нагадаем, вядомы шведскі праваабаронца амаль суткі правёў у транзітнай зоне Нацыянальнага аэрапорта «Менск». Памежнікі адмовіліся ўпускаць Марціна Углу ў Беларусь, нягледзячы на тое, што ў яго быў квіток на матч у рамках Чэмпіянату свету па хакеі.

Шведская праваабарончая арганізацыя Östgruppen, на чале якой стаіць Марцін Угла, з'яўляецца адным з ініцыятараў міжнароднай кампаніі Don't Play with the Dictator («Не гуляйце з дыктатарам»), накіраванай супраць правядзення ЧС па хакеі 2014 года ў Менску.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках