4 траўня 2024, Субота, 19:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хакеры абвясцілі Расеі кібервайну

9
Хакеры абвясцілі Расеі кібервайну

З пачатку 2014 года сайты расейскіх дзяржорганаў, дзяржкампаній і банкаў падвергліся рэкорднаму ліку хакерскіх нападаў.

Усплёск DDoS-нападаў прыйшоўся на сакавік. Эксперты, апытаныя газетай Ведомости, кажуць, што актыўнасць хакераў выкліканая пагаршэннем стасункаў паміж Украінай і Расеяй. У сакавіку Расея анэксавала Крым.

За два дні да правядзення рэферэндуму аб статусе Крыма, які праходзіў 16 сакавіка, "упалі" сайты прэзідэнта Расеі, Міністэрства замежных спраў і Раскамнагляду.

У Лабараторыі Касперскага паведамляюць, што падчас вясновай хвалі DDoS-нападаў у Расеі пацярпелі больш за 15 арганізацый.

Наўрад ці гэта заслуга толькі ўкраінскіх праграмістаў. У Лабараторыі Касперскага кажуць, што нападаў з украінскіх IP-адрасоў у гэтым годзе не фіксавалі. "Краіну - першакрыніцу нападаў устанавіць складана, бо яны часцяком ідуць з падменай адрасу адпраўшчыка", - распавёў мэнэджэр па развіцці бізнесу Kaspersky DDoS Prevention Яўген Вігоўскі.

За большасць анлайн-нападаў адказнасць узялі групы хакераў Anonymous Russia і Anonymous Caucasus. "Калі ўрад парушае правы народа, паўстанне для народа і для кожнай яго часткі ёсць яго святое права і неадкладны абавязак", - напісалі Anonymous Russia у сваім Twitter-акаўнце.

Акрамя дзяржорганаў, сілавых ведамстваў і дзяржкампаній нападам падвергліся і шэраг буйных расейскіх СМІ: Первый канал, Russia Today, Lifenews, Комсомольская правда, Лента.Ру.

Для таго каб правесці DDoS-напад на сайт, не трэба быць мацёрым праграмістам. Такую паслугу можна замовіць за $135 нават у адкрытым сегменце інтэрнэту. Кошт залежыць ад працягласці і магутнасці атакі, а таксама абароны, якую трэба пераадолець на серверы. У адрозненне ад мэтанакіраванага ўзлому з адабраннем інфармацыі DDoS хутка і танна парушае працу буйных рэсурсаў.

Anonymous - міжнародная група хакераў, заснаваная ў 2003 годзе. Яе ўдзельнікі ўчыняюць кібер-напады і ўзломы на знак пратэсту. У 2012-м амерыканскі часопіс Time уключыў Anonymous у спіс ста найбольш уплывовых людзей года.

ЛІГАБізнесІнформ абрала самыя рэзанансныя выпадкі DDoS-нападаў на расейскія сайты ў 2014 годзе.

6 сакавіка 2014 года

Група хакераў Anonymous Russia узламала серверы некалькіх ваенных прадпрыемстваў. Яны выклалі ў сетку перапіску кіраўнікоў Расабаронэкспарту з індыйскімі абароннымі кампаніямі. Анонімусы таксама заявілі, што завалодалі дакументамі абаронпрама, карпарацыі Сухой, Газфлоту і Русалу.

14 сакавіка 2014 года

Сайт прэзідэнта Расіі kremlin.ru падвергнуўся магутнаму DDOS-нападу, у выніку якога некалькі гадзін працаваў з перабоямі. У гэты ж дзень пад удар трапіў і сайт Цэнтральнага банка Расейскай Федэрацыі. Адказнасць на сябе ўзялі хакеры Anonymous Russia.

14 сакавіка 2014 года

З-за магутнай хакерскай атакі сайт Цэнтральнага банка Расеі перастаў працаваць у карыстальнікаў. Па дадзеных банка, магутнасць ддоса перавышала прапускную здольнасць каналаў сувязі сайта ў 10 разоў. Праца рэсурсу была адноўленая праз гадзіну.

14 сакавіка 2014 года

Сайт Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў-удзельніц СНД падвергнуўся DDOS-нападу.

На сервер адначасова паступалі парадку 3000 запытаў, у выніку рэсурс не вытрымаў нагрузкі і "лёг". Для нападу былі задзейнічаныя ботнэты - сетка заражаных кампутараў, размешчаных у розных кропках свету.

У гэты ж дзень ахвярай DDoS-нападаў стаў і сайт Міністэрства замежных спраў Расейскай Федэрацыі (mid.ru). Адказнасць узялі на сябе Anonymous Russia.

14 сакавіка 2014 года

Сайт Федэральнай службы па наглядзе ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый з-за магутнай DDoS-атакі часова быў адключаны. Група хакераў пасля нападу ў сваім Twitter пажартавала, што Раскамнагляд забараніў сам сябе.

16 сакавіка 2014 года

DDoS-атака на сайт, прысвечаны рэферэндуму аб статусе Крыма. Крыніца нападаў, па здагадцы прэс-службы, знаходзілася ў Ілинойскім універсітэце ў ЗША. Да гэтага хакеры "завалілі" афіцыйны сайт рэферэндуму referendum2014.org.ua. Зараз абодва сайта не функцыянуюць.

17 сакавіка 2014 года

Хакеры Anonymous Caucasus заддосілі сайт расейскага Альфа-Банка і яго правайдэра. Была недаступная частка банкаматной сеткі і абцяжараны доступ да яго інтэрнэт-сэрвісаў, уключаючы сайт.

Інфармацыю пра парушэнне працы транслявалі Anonymous Caucasus.

17 сакавіка 2014 года

У гэты ж дзень быў атакаваны адзін з найбуйнейшых расейскіх банкаў ВТБ24. У хакераў атрымалася "пакласці" сайт, але на фінансавых аперацыях атака ніяк не адбілася - усе банкаматы і карткі карыстальнікаў працавалі ў звычайным рэжыме. Адказнасць за ўзлом узялі на сябе Anonymous Caucasus.

11 красавіка 2014 года

У красавіку быў узламаны сайт камітэта Дзярждумы па рэгіянальнай палітыцы і праблемах Поўначы і Далёкага Усходу. Узломшчыкі размясцілі маніфест, які крытыкуе знешнюю палітыку Расеі. Паведамленне сканчалася словамі "Слава Украіне!"

15 красавіка 2014 года

Сайт расейскага інфармацыйнага тэлеканала Russia Today быў выведзены з ладу з-за масіраванага ддос-нападу. Сайт падвяргаўся нападам некалькі разоў у 2013 годзе, тады адказнасць за іх брала хакерская група AntiLeaks.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках