4 траўня 2024, Субота, 17:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

52 гады таму была расстраляная дэманстрацыя ў Новачаркаску

18
52 гады таму была расстраляная дэманстрацыя ў Новачаркаску

Адно з самых масавых выступленняў супраць уладаў СССР падушылі войскі.

Трагічныя падзеі адбыліся 1-2 чэрвеня 1962 года ў горадзе Новачаркаск Растоўскай вобласці Расейскай Федэрацыі. Рабочыя мясцовага электравозабудаўнічага завода пачалі забастоўку, якую падтрымалі жыхары горада.

Напярэдадні ўрад СССР абвясціў аб павышэнні коштаў на масла і мяса на 35%. Адначасова з гэтым на Новачаркаскім электравозабудаўнічым заводзе былі зніжаны расцэнкі пагадзіннай аплаты працы.

1 чэрвеня ў 10:00 каля 200 рабочых сталеліцейнага цэха спынілі працу і патрабавалі павышэння расцэнак за іх працу. Праз гадзіну яны накіраваліся да заводакіраўніцтва, на шляху да іх далучыліся рабочыя іншых цэхаў, у выніку каля будынка сабралася да 1000 чалавек.

Людзі патрабавалі ад начальства адказу на пытанне «На што нам жыць далей?». Неўзабаве з'явіўся дырэктар завода Барыс Курачкін. Заўважыўшы непадалёк гандлярку піражкамі, ён абарваў аднаго з выступоўцаў і заявіў: «Замест піражкоў з мясам, будзеце жэрці з павідлам». Гэтая фраза выклікала абурэнне рабочых, дырэктара пачалі асвістваць і выкрыкваць на яго адрас абразы. Курачкін схаваўся, аднак менавіта яго фраза паслужыла падставай для наступных падзей. Неўзабаве забастоўка ахапіла ўвесь завод. Каля заводакіраўніцтва людзей станавілася ўсё больш: пачуўшы трывожны гудок, прыходзілі людзі з бліжэйшых раёнаў і іншых прадпрыемстваў. Да поўдня колькасць натоўпу дасягнула 5000 чалавек, яны перакрылі чыгуначную магістраль, якая злучае поўдзень Расеі з цэнтрам, спыніўшы пасажырскі цягнік з Растова-на-Доне ў Саратаў. На спыненым лакаматыве нехта напісаў: «Хрушчова на мяса». Бліжэй да вечара камуністам і некаторым рабочым атрымалася ўгаварыць прапусціць цягнік, але машыніст пабаяўся ехаць праз натоўп і састаў вярнуўся на папярэднюю станцыю

Пазней увечары рабочыя сарвалі з будынка заводакіраўніцтва партрэт Хрушчова і падпалілі яго. Пасля чаго частка найбольш радыкальна настроеных рабочых пачала штурмаваць заводакіраўніцтва, адначасна ўчыняючы там пагром і збіваючы прадстаўнікоў адміністрацыі завода, якія спрабавалі перашкаджаць ім.

У 16:30 на балкон былі вынесеныя гучнагаварыцелі. Да народу выйшлі першы сакратар растоўскага абкама Басаў, старшыня растоўскага аблвыканкама Замецін, першы сакратар Навачаркаскага гаркама КПСС Логінаў і дырэктар завода. Натоўп спачатку крыху супакоіўся, але пасля таго як Басаў замест зносінаў з народам і тлумачэння сітуацыі, пачаў проста пераказваць афіцыйны зварот ЦК КПСС, яго пачалі асвістваць і перабіваць абразлівымі крыкамі. А дырэктара Курачкіна, які спрабаваў узяць пасля яго слова, закідалі камянямі, металічнымі дэталямі і бутэлькамі. Пасля чаго працягнулі штурмаваць заводакіраўніцтва. Ні міліцыя, ні КДБ не ўмешваліся ў падзеі, абмяжоўваючыся наглядам і схаванай здымкай актыўных удзельнікаў. Басаў зачыніўся ў адным з кабінетаў і стаў тэлефанаваць вайскоўцам, патрабуючы ўводу частак.

З 18:00 да 19:00 да заводакіраўніцтва былі падцягнутыя зводныя часткі міліцыі ў форме, колькасцю да 200 чалавек. Міліцыя паспрабавала адціснуць мітынгоўцаў з тэрыторыі завода, але была змятая натоўпам, а трое супрацоўнікаў збітыя. Армія за ўвесь дзень актыўных дзеянняў не прадпрымала .

На мітынгу гучалі патрабаванні: паслаць дэлегацыю на электродны завод, адключыць падачу газу з газаразмеркавальнай станцыі, выставіць пікеты каля заводакіраўніцтва, сабрацца на наступную раніцу ў 5-6 гадзін і ісці ў горад, каб падняць там паўстанне, захапіць банк, тэлеграф, звярнуцца з заклікам па ўсёй краіне. Адзінага арганізацыйнага ядра ў рабочых не было. Многія дзейнічалі па сваёй уласнай ініцыятыве, як яны лічылі правільным. Каля 20:00 да будынка заводакіраўніцтва пад'ехалі 5 машын і 3 БТРа з салдатамі. Баявых патронаў яны не мелі і проста сталі каля машын. Натоўп сустрэў вайскоўцаў агрэсіўна, але абмежаваўся толькі лаянкай і абразамі на іх адрас. Салдаты не распачалі ніякіх актыўных дзеянняў і праз некаторы час пагрузіліся назад у машыны і з'ехалі. Асноўнай іх задачай было адцягнуць увагу натоўпу на сябе, пакуль пераапранутая ў грамадзянскае група спецназаўцаў і афіцэраў КДБ вывела запасным уваходам з будынка блакаванае кіраўніцтва на чале з першым сакратаром. На працягу вечара і ночы мітынг працягваўся. На выведку некалькі разоў дасылаліся асобныя невялікія групы вайскоўцаў, але ўсіх іх..

Калі да вечара стала ясна, што ўлады не збіраюцца ўжываць ніякіх мер, было прынятае рашэнне на наступны дзень пайсці да гаркама КПСС у цэнтр горада.

У ноч з першага на другое чэрвеня ў горад увайшлі танкі і салдаты. Танкі ўвайшлі ў завадскі двор і сталі выцясняць тых, хто яшчэ заставаўся там, не ужываючы зброю. Сярод тых, хто сабраўся, распаўсюдзілася чутка, што некалькі чалавек былі заціснутыя гусеніцамі, і натоўп стаў біць цяжкімі прадметамі па брані, спрабуючы вывесці з ладу танкі. У выніку раненні атрымалі некалькі салдат. Але двор быў ачышчаны ад мітынгоўцаў. Увод у горад танкаў быў успрыняты народам вельмі негатыўна, і ноччу сталі распаўсюджвацца ўлёткі, якія рэзка асуджалі ўлады і Хрушчова асабіста.

Да будынка гарвыканкама прыбыў начальнік Новачаркаскага гарнізона з 50 узброенымі аўтаматамі вайскоўцамі ўнутраных войскаў, якія, адціскаючы людзей ад будынка, прайшлі ўздоўж яго фасада і сталі тварам да іх у дзве шарэнгі. Ён звярнуўся да прысутных з заклікам спыніць пагромы і разысціся. Але натоўп не рэагаваў, раздаваліся розныя выкрыкі, пагрозы расправы. Пасля гэтага вайскоўцамі з аўтаматаў быў зроблены папераджальны залп уверх, з-за чаго людзі, якія шумелі і напіралі на салдат, адхлынулі. З натоўпу пачуліся выкрыкі: «Не бойцеся, страляюць халастымі», пасля чаго людзі зноў рынуліся да будынка гаркама і да выстаўленых уздоўж яго салдатаў. Рушыў услед паўторны залп уверх і затым быў адкрыты агонь па натоўпе, у выніку чаго 10-15 чалавек засталіся ляжаць на плошчы.

Пасля стрэлаў і першых забітых натоўп у паніцы пабег прэч. Па расказах некаторых відавочцаў, пасля першых стрэлаў у паветра з дрэў пасыпаліся падстраляныя дзеці, якія назіралі за натоўпам зверху. Некаторыя сцвярджаюць, што асабіста бачылі на зямлі трупы дзяўчынак і хлопчыка 8-10 гадоў.

У выніку расстрэлу загінулі 24 чалавекі, 39 былі параненыя. Сярод іх апынуліся жанчыны і дзеці. Сямёра ўдзельнікаў хваляванняў былі расстраляныя па прысудзе Вярхоўнага суда РСФСР, 114 чалавек асуджаныя. Відавочцы ўспаміналі, што кроў змывалі пажарнымі машынамі, але горад яшчэ доўга заставаўся ў бурых плямах. Праўду пра падзеі ў Новачаркаску доўга хавалі.

Толькі ў пачатку 1990-х гадоў у прэсе з'явіліся першыя публікацыі аб чэрвеньскай трагедыі. У 1996 годзе прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын наведаў горад і падпісаў Указ аб рэабілітацыі ахвяраў 1962 года і збудаванні ім помніка.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках