«Белтэлекам» не можа пасябраваць з Google
34- 2.06.2014, 17:59
- 31,941
Праблемы карыстальнікаў ByFly не развязваюцца гадамі.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміў чытач з Баранавічаў.
«Ужо другі дзень запар Google адмаўляецца шукаць інфармацыю і перанакіроўвае на старонку, дзе размешчаная спасылка на апісанне аб падазроным трафіку ад правайдэра. Пошукавік выдае наступнае паведамленне: «We're sorry... but your computer or network may be sending automated queries. To protect our users, we can't process your request right now». Такое адбываецца далёка не першым разам», - адзначыў ён.
Праблема ў тым, што Беларусь знаходзіцца ў спам-лістах, а РУП «Белтэлекам» (гандлёвая марка ByFly) выкарыстоўвае так званую наладу NAT (ад англ. Network Address Translation - «пераўтварэнне сеткавых адрасоў» - заўв. рэд.). Правайдэр спрабуе зэканоміць і таму арандуе мінімальную колькасць IP-адрасоў, а ўсіх карыстальнікаў пускае пад аднолькавымі IP. Калі яны адначасова спрабуюць скарыстацца пошукам, то Google думае, што гэта робаты або спам.
На жаль, атрымаць каментар у «Белтэлекаме» карэспандэнту charter97.org не ўдалося, бо ўсе тэлефоны прэс-службы аператара ўпарта маўчалі.
Год таму кампанія сцвярджала, што ўзнікла праблема не звязана з функцыянаваннем NAT:
«У сувязі з інфармацыяй, якая з'явілася на шэрагу інфармацыйных рэсурсаў, пра праблемы з доступам да пошукавых сэрвісаў кампаніі Google у выніку ўкаранення тэхналогіі размеркавання IP-адрасоў NAT, РУП «Белтэлекам» прааналізаваў сітуацыю і інфармацыю для карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг.
Вынікі аналізу сведчаць, што ўзнікла праблема не звязаная з функцыянаваннем NAT. Цяпер тэхналогія NAT укаранёная толькі ў Менску, тады як праблемы паўсталі і ў шэрагу іншых рэгіёнаў краіны. Спыненне доступу да сэрвісаў Google з асобных інтэрвалаў IP-адрасоў было звязанае з палітыкай бяспекі кампаніі Google у дачыненні да спам-рассыланняў.
Цяпер праблема блакавання IP-адрасоў знятая. Google аднавіў доступ да сваіх рэсурсаў для беларускіх карыстальнікаў. «Белтэлекам» праводзіць працу са спецыялістамі Google для лакалізацыі ўжывання названага інструмента і аператыўным апавяшчэнні бакоў аб магчымым неправамерным росце інтэрнэт-трафіку».