2 траўня 2024, Чацвер, 15:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што хаваецца за сценамі першай рэзідэнцыі Лукашэнкі?

22

Раней тут ладзіліся толькі афіцыйныя прыёмы і прымалі толькі самых высокіх замежных гасцей.

А цяпер зладзіць прыём могуць усе ахвотныя. «Комсомольская правда в Беларуси» першай пабыла на гістарычным месцы, якое нечакана стала даступным для ўсіх.

Пяць хвілін пешшу ад Плошчы Перамогі - і вось яна, гістарычная рэзідэнцыя на Вайсковым завулку. На агароджанай тэрыторыі - Дом прыёмаў і сем гасцявых двухпавярховых домікаў. На сваім вяку яны бачылі толькі першых асоб дзяржаў, замежных паслоў і некаторых зорак. Трапіць у рэзідэнцыю простаму смяротнаму было нерэальна.

У 90-я, калі ў Менску яшчэ не было высакакласных гатэляў, тут спыняліся Ала Пугачова, Філіп Кіркораў, Людміла Зыкіна, Міхаіл Задорнаў і швэдскі гурт Army of lovers. Пугачова з задавальненнем ела яблычкі з мясцовых яблынь, а Задорнаў неяк папрасіў перамаляваць план дома, у якім ён жыў - хацеў пабудаваць сабе такі ж, маўляў, вельмі зручны. Засяліцца ў рэзідэнцыю «Фрунзе» - так яна тады называлася - нават зоркі маглі толькі з дазволу першых асоб дзяржавы.

У студзені 94-га тут прымалі Біла Клінтана. І хоць візіт быў непрацяглым - амерыканскі прэзідэнт правёў у Менску ўсяго шэсць гадзін, - ён паспеў падпісаць са Станіславам Шушкевічам, тады былым старшынём Вярхоўнага Савета БССР, дамову аб узаемнай абароне інвестыцый. Клінтан застаўся задаволены прыёмам і даслаў затым ліст падзякі ў рэзідэнцыю «Фрунзе».

20 гадоў таму, у ліпені 1994 года, адзін з домікаў заняў толькі што абраны першы прэзідэнт Беларусі Лукашэнка. Праз некалькі месяцаў ён перасяліўся ў «Дразды», і ўсё ж менавіта «Фрунзе» засталася ў гісторыі як яго першая рэзідэнцыя.

Да нядаўняга часу тут праходзілі ўсе буйныя мерапрыемствы і прыёмы з ягоным удзелам. Усе кіраўнікі дзяржаў, якія прыбывалі з візітам у Менск, прымаліся ў рэзідэнцыі «Фрунзе».

З нядаўніх часоў афіцыйныя прыёмы перамясціліся ў Палац Незалежнасці. А рэзідэнцыя «Фрунзе» нечакана адкрыла дзверы для ўсіх ахвотных. Проста схадзіць на экскурсію сюды нельга, але арандаваць рэзідэнцыю пад прыём, карпаратыў або дзелавую канферэнцыю - проста. Колькі гэта будзе каштаваць? У Dipservice Hall - так цяпер называецца былая рэзідэнцыя - кажуць, «паводле дамоўленасці, у залежнасці ад залы ды імпрэзы».

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках