2 траўня 2024, Чацвер, 5:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея абвясціла затрыманага ўкраінскага рэжысёра сваім грамадзянінам

7
Расея абвясціла затрыманага ўкраінскага рэжысёра сваім грамадзянінам

Украінскага рэжысёра Алега Сянцова з траўня трымаюць у маскоўскай турме, абвінавачваючы ў падрыхтоўцы тэракту ў Крыме.

Расея ўважае яго за свайго грамадзяніна, таму яму не далі магчымасці сустрэцца з украінскім консулам, паведаміла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Валерыя Луткоўская. З яе слоў, Алега Сянцова аўтаматычна, без ягонай згоды, запісалі ў грамадзяне Расеі, паведамляе "Радыё Свабода".

"Расейская Федэрацыя, як вядома, прыняла заканадаўства, згодна з якім здабыццё расейскага грамадзянства для жыхароў Крыму праходзіла аўтаматычна. Толькі калі асоба самастойна не адмовіцца ад расейскага грамадзянства. Для гэтай адмовы быў выдзелены ўсяго месяц", - сказала Луткоўская.

Яна дадала, што Сянцоў да таго часу ўжо знаходзіўся ў следчым ізалятары і фізічна не мог адмовіцца ад расейскага грамадзянства, а такім чынам - расейскае грамадзянства ён атрымаў фактычна прымусова.

Амбудсмэн адзначыла, што, нягледзячы на тое, што Сянцоў працягвае быць грамадзянінам Украіны, Расея адмовіла яму ў сустрэчы з консулам Украіны, уважаючы яго за грамадзяніна Расеі.

"У сувязі з гэтым я звярнулася да амбудсмэна Расейскай Федэрацыі, але яшчэ прайшло занадта мала часу, паколькі зварот быў накіраваны толькі на пачатку гэтага тыдня", - сказала Луткоўская.

7 ліпеня суд у Маскве падоўжыў да 11 кастрычніка арышт украінскага рэжысёра Алега Сянцова, які абвінавачваецца ў падрыхтоўцы тэрактаў у Крыме.

Алега Сянцова і яшчэ трох грамадзян Украіны супрацоўнікі ФСБ Расеі затрымалі ў траўні ў Крыме. Іх абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэрактаў у Сімферопалі, Ялце і Севастопалі. ФСБ Расеі называе іх актывістамі "Правага сектара", аднак украінская арганізацыя гэта зняпраўджвае.

З патрабаваннем вызваліць Алега Сянцова да прэзідэнта Расеі раней звярталіся вядомыя ў свеце кінарэжысёры: Пэдра Альмадовар, Бертран Таверн’е, Кен Лоўч, Анджэй Вайда, Кшыштаф Занусі і іншыя.

Алег Сянцоў зняў фільм "Гамер" у 2011 годзе, і гэтая стужка трапіла ў праграму Ратэрдамскага кінафестывалю. У мінулым годзе рэжысёр атрымаў прыз за праект новай стужкі "Насарог", здымкі якой павінен быў пачаць летам.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках