Lexus пратараніў два аўтамабілі на праспекце Машэрава
8- 11.07.2014, 9:50
- 15,580
Учора падчас дажджу ў Менску адбыўся ўсплёск дробных ДТЗ.
Адна з найбольш сур'ёзных аварый мела месца на праспекце Машэрава. Каля скрыжавання з вуліцай Куйбышава жанчына за стырном Lexus не справілася з кіраваннем і ўчыніла сутыкненне з двума прыпаркаванымі аўтамабілямі, паведамляе onliner.by.
«Перакрыжаванне Куйбышава - Машэрава. Жанчына на Lexus IS слізганула на трамвайных рэйках і добра стукнулася ў 306 Peugeot, дасталося таксама і яшчэ аднаму аўтамабілю», - паведаміў сведка.
Старшая інспектарка ў агітацыі і прапагандзе ДАІ Цэнтральнага раёна Анастасія Радзько пацвердзіла здагадку. «Жанчына за стырном Lexus рухалася пр.Машэрава (з боку вуліцы Багдановіча ў кірунку вуліцы Чырвонай). На скрыжаванні з вуліцай Куйбышава не здолела справіцца з кіраваннем. Паводле яе слоў, аўтамабіль занесла на трамвайных рэйках. Пасля гэтага Lexus учыніў сутыкненне з прыпаркаванымі Toyota і Peugeot», - сказала яна.
Паводле звестак інспектараў, ніхто не пацярпеў. Раней кіроўцы скардзіліся, што падчас дажджу на трамвайных рэйках «аўтамабіль носіць і зрывае». У траўні на нашым форуме размяшчалі відэа такой сітуацыі.