Краіны Балтыі рыхтуюць добраахвотнікаў і закупляюць зброю
5- 11.07.2014, 10:19
- 12,843
Літва, Латвія ды Эстонія рыхтуюцца да магчымай агрэсіі з боку Расеі.
Краіны Балтыі ў апошнія месяцы, пасля анэксіі ўкраінскага Крыму і далейшага збройнага канфлікту на Данбасе, ахопленыя трывогай. І ўлады, і звычайныя грамадзяне мяркуюць, што могуць стаць наступнымі ахвярамі расейскай агрэсіі. Як піша выданне "Новое время", РФ не раз дэманстравала сілу ў дачыненні да гэтых былых савецкіх рэспублік. Такім чынам, шмат якія літоўскія мужчыны запісваюцца ў добраахвотнікі, а ўрад павялічвае сумы, якія ідуць на ўзбраенне. Да прыкладу, за 20 млн еўра Літва набыла зенітныя ракетныя комплексы Grom для ўмацавання нацыянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны.
Усе краіны Балтыі бяруць удзел у вучэннях NATO, а ў порце Клайпеды прышвартаваўся мінаносец ВМФ ЗША. У Літвы, Латвіі ды Эстоніі ёсць прычыны асцерагацца РФ. Так, яны ўваходзяць у першую пяцёрку краін, якія расейцы разглядаюць як сваіх ворагаў.
Грамадзянін Літвы Валянцін Кулініч распавёў, што з першых дзён украінска-расеійскага канфлікту ў яго краіне многія пастанавілі, што ў выпадку паразы Украіны Літва будзе наступнай праз актыўную падтрымку Кіева. «Кожная хіба ўкраінскіх вайскоўцаў тут ўспрымаецца ледзь як не хіба Літвы», - адзначыў мужчына, дадаўшы, што так думаюць і ўлады, і простыя грамадзяне.
У сваю чаргу, спецыялісты сцвярджаюць, што менавіта цяпер стасункі краін Балтыі з NATO як ніколі моцныя. З пачатку ўкраінска-расейскага канфлікту паветраную прастору трох краін кантралююць ужо дзесяць натаўскіх самалётаў - да пачатку канфлікту іх было чатыры.
Крыху іншая сітуацыя ў Латвіі, дзе расейцы складаюць траціну насельніцтва. Акрамя таго, расейскі бізнэс прысутнічае ў Латвіі практычна ва ўсіх сферах - фінансы, транзіт, вытворчасць. Пры гэтым многія адзначаюць эканамічную залежнасць ад РФ. Змяніць сітуацыю вельмі цяжка. Да прыкладу, амерыканская кампанія Chevron так і не здолела атрымаць ліцэнзію на распрацоўку сланцавых праектаў у Літве. На шляху кампаніі ўсталі, у прыватнасці, і прадстаўнікі мясцовых зялёных, якіх падазраюць у лабіяванні расейскіх інтарэсаў.
Фота: DELFI