Беларускі святар праспяваў «Алілуя» Коэна на імшы (Відэа)
27- 11.07.2014, 17:23
- 21,432
Цяпер такі сюрпрыз айцец Ігар Анісімаў робіць шматлікім парам, якія бяруць шлюб у ягоным касцёле.
Настаяцель рымска-каталіцкай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Слоніме (Гарадзенская вобласць) праспяваў для маладых падчас вянчання знакамітую песню "Алілуя" Леанарда Коэна на расейскай мове, піша katolik-gomel.by.
Нагадаем, нядаўна каталіцкі святар з Ірландыі стаў знакамітасцю на YouTube пасля таго, як праспяваў «Алілуя» на шлюбе пары ў ягоным прыходзе і набраў дзясяткі мільёнаў праглядаў.
Як і ў выпадку з ірландскімі маладымі, беларуская пара і вернікі былі ў шоку ад сюрпрызу. У канцы песні нявеста нават заплакала, а ўвесь касцёл запляскаў.
Айцец Ігар цяпер у ад'ездзе, але атрымалася пагаварыць з прыхаджанкай з Ліды Веранікай Вайчык, якая добра ведае «як спявае святар». Менавіта яна выклала ў інтэрнэт відэа з ягонай песняй, больш за тое - менавіта Вераніка параіла бацьку Ігару праспяваць на шлюбе.
- Ён хацеў зрабіць нейкі асаблівы падарунак гэтай пары, і тады я паказала відэа ірландскага святара. Быў тэкст песні на расейскай, айцец Ігар крыху падкарэктаваў яго. І на шлюбе 7 чэрвеня ў канцы службы нечакана заспяваў. Усе былі ў шоку! - расказвае Вераніка.
Пасля гэтага выпадку па Слоніму пачалі хадзіць чуткі аб незвычайным шлюбе, і іншыя пары ўжо чакалі такога ж падарунка. Каб не падмануць іх чаканні, айцец Ігар зноў заспяваў. Цяпер гэта ўвайшло ў традыцыю.
- Чула, што ў горадзе шмат кажуць пра гэта. Пасля гэтага нават многія няверуючыя людзі зацікавіліся касцёлам, - працягвае Вераніка.
У гэтым годзе бацьку Ігару спаўняецца 40 гадоў, а свой талент спевака ён развівае яшчэ з маладосці. Падчас вучобы ў Гарадзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі ён спяваў у складзе групы «Ave».
- Я вельмі цаню і паважаю бацьку Ігара, сам ён вельмі сціплы, але таленавіты чалавек. У яго нялёгкі шлях у святарстве, часам бывае вельмі цяжка, такіх як ён трэба падтрымліваць! - кажа прыхаджанка.
Айцец Ігар родам з Магнітагорска (Расея), пасля атрымання пасвячэння ў 2001 годзе служыў у Лідзе і сельскай парафіі Гарадзенскай дыяцэзіі, цяпер з'яўляецца пробашчам касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Слоніме.