Улюбёны хакеіст Лукашэнкі атрымаў элітны надзел пад забудову ў Менску
11- 24.07.2014, 9:33
- 21,346
Забудоўніку далі шэраг падатковых ільгот.
Лукашэнка сваім указам №365 ад 21 ліпеня 2014 года дазволіў аддаць пад забудову кавалак зямлі ў элітным раёне Менска. «Правесці ў 2014-2019 гадах рэалізацыю інвестыцыйнага праекта для будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу ў межах праспекта Пераможцаў - вуліц Браслаўскай і Ціміразева ў горадзе Менску», - гаворыцца ў дакуменце.
У склад комплексу ўвойдуць фізкультурна-спартыўны комплекс, група шматкватэрных і блакаваных жылых дамоў, у тым ліку падвышанай камфортнасці, аб'екты гандлю, адміністрацыйна-гандлёва-забаўляльны цэнтр, іншыя аб'екты сацыяльнай інфраструктуры.
Забудоўнікам гэтага раёна Менска выступіць ТАА «ТаПас», адным з кіраўнікоў якой з'яўляецца гулец каманды Лукашэнкі Павел Белы. Кампанія мае блізу дзесятку надзелаў пад забудову ў беларускай сталіцы. Усе яны знаходзяцца ў прэстыжных раёнах Менска.
Візітоўка кампаніі «ТаПас» - нізкапавярховы жылы комплекс на вуліцы Язмінавай у Менску. Гэты раён - за Нацыянальнай бібліятэкай, побач са Сляпянскай воднай сістэмай. У прэстыжнасці ён саступае толькі Драздам, дзе жывуць чыноўнікі ды іншыя асобы, набліжаныя да Лукашэнкі. Кватэры тут купляюць за паўмільёна даляраў, а суседнія катэджы - за $1-2 мільёны.
Павел Белы нарадзіўся ў 1980 годзе. Быў нападнікам у прэзідэнцкай хакейнай камандзе. Заўсёды гуляў у тройцы Лукашэнкі, уважаўся за ягонага галоўнага напарніка ў нападзе. Гуляў шмат, часта забіваў. На сайце прэзідэнцкага спартовага клуба дагэтуль ён прэзентаваў як нападнік каманды прэзідэнта Беларусі.