8 траўня 2024, Серада, 2:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нараджэнне супэргероя (Відэа)

3

Амэрыка толькі што набыла новага спартовага супэргероя.

Бліжэйшымі днямі Тым Говард з'явіцца ў тэлевізійных ток-шоў, атрымае прапановы ад рэкламнікаў і стане самым папулярным персанажам дзіцячых перайманняў на футбольных палях Амэрыкі, ва ўсякім выпадку сярод хлапчукоў жвавейшых ды спрытнейшых, якія жадаюць стаць брамнікамі, піша sport-express.ua.

Можа быць, нават стыль «Голеная галава, чорная барада» увойдзе ў моду сярод амэрыканскіх мужчын. І ўсё гэта будзе цалкам апраўдана і заслужана. Пры ўсёй павазе да Гільерма Ачоа больш манумэнтальнай гульні брамніка на гэтым чэмпіянаце яшчэ не было. Калі наогул калі-небудзь была, бо статыстычны факт не аспрэчыць: 15 паратункаў Говарда - рэкорд усіх часоў.

На жаль, для задзёрлівай, трывалай, неймаверна сімпатычнай каманды ЗША Говард так і застаўся адзіным яе контраргумэнтам у спрэчцы з бэльгійцамі. Гэта значыць, вядома ж, задзёрлівасць, трываласць і сімпатычнасць таксама варта залічыць да аргумэнтаў, але ўсё гэта (гэтак жа як і супэргалкіпэр) належыць да строга абмежаваных рэсурсаў. Рана ці позна гэтага не стае, і становяцца патрэбныя больш каштоўныя якасці накшталт тэхнікі, а з гэтым у Амэрыкі заўсёды скупавата.

Вынік, вядома ж, атрымаўся цалкам заканамерны, хай амэрыканцы і выдалі гераічную сэрыю нападаў у другой палове дадатковага часу. Усю гульню Бэльгія атакавала вастрэй, валодала балонам асэнсавана, праціскала амэрыканскую абарону па флангах (асабліва па шматпакутным правым, які часта агаляўся праз забегі Джонсана ў атаку) і наогул выглядала больш спрактыкаванай. Амэрыканцы трымаліся, выставіўшы восем чалавек на подступах да штрафной пляцоўкі і выпраўляючы хібы намаганнямі пільнай каманды хуткага рэагавання, якая складалася з Говарда і стопэраў Гансалеса і Бэслера. Рана ці позна нешта ў гэтых рэдутах мусіла праламацца і адкрышыцца. Паводле законаў футбольнай логікі гэта здарылася тады, калі амэрыканская абарона была змардаваная і заезджаная, а на паляну выскачыў свежы Лукаку.

Амэрыканцы былі асуджаныя яшчэ і таму, што банальна не ўмелі распараджацца балонам так, як гэта патрабуецца ад каманды экстра-класа ў двубоях такога калібру. Марудзілі побач са штрафной пляцоўкай, пасавалі на паўкроку назад, падстаўлялі галаву на паўсантымэтра не туды, дазвалялі балону скуліцца з уздыму пры стрэле. Дробненькія, брыдкія такія тэхнічныя памылкі, якія вельмі любяць ісці цугам, як толькі ў каманды пачынаюць хібіць нэрвы.

Нездарма Юрген Клінсман пасля гульні наракаў не столькі на «тэхнічны дэфіцыт», колькі на менталітэт. Вялікі тэўтон знайшоў у сабе нахабства дакараць сваіх байцоў за тое, што ў іх усё яшчэ «занадта шмат павагі» да спаборніка. І слушна зрабіў. Нікога не паважаць і грызці газон зубамі - галоўная амэрыканская футбольная вынаходка. Але тэхніку падцягваць усё адно трэба.

Калі б падставіў Вандалоўскі нагу пад балон на долю сэкунды раней, да адскоку ад зямлі, - і Амэрыка перамагла б у асноўны час. Ці не адпусціў бы Дэмпсі ад сябе балон пры апрацоўцы перадачы ў канцы дадатковага часу - і ў Куртуа не было б ніводнага шанцу. Накінуў бы Брэдлі яшчэ разы два гэтак жа, як Грыну, - наогул прыгажосць выйшла б. Але ў Штатах мала прыроджаных футбалістаў. Нездарма ж Клінсман запрасіў у каманду ажно пяць ураджэнцаў Нямеччыны - усіх чыста сыноў цемнаскурых амэрыканскіх жаўнераў і арыйскіх мам.

Тэхніка і талент, вядома, рэчы такія. Як мёд у Віні-Пыха: яны альбо ёсць, альбо іх зусім няма. Тут ужо толькі ўсё спадзяванне на кабет, каб нараджаць. Хай нават і нямецкіх. Але зноў жа не пахваліць янкі за тое, як яны распараджаюцца тым, што ў іх усё-ткі ёсць, было б проста непрыгожа. Як яны ваявалі ў канцы! У каго яшчэ стала б маральнай змогі? А колькі нахабства спатрэбілася, каб разыграць шматхадовы штрафны, што ледзь не ператварыўся ў гол! У каго б яшчэ нага ўзнялася на гэтакае? А як ішоў у атаку Джоўнс - пабіты, выцяты балонам у твар, які паміраў на полі так, як ніхто з вядомых вам гульцоў ніколі б не рабіў! Пра Говарда і казаць няма чаго - усё сказана. Вось Вэнсан Кампані проста ў твітэры і сказаў: «Два словы... Тым Говард». І хэштэг прычапіў - паважаю, маўляў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках