У Літве склалі спіс самых багатых людзей краіны
2- 7.07.2014, 9:58
- 16,295
Цяпер у Літве ёсць два чалавекі, багацце якіх вылічваецца дзевяцізначнай лічбай, але пасля ўвядзення еўра толькі адзін зможа называцца мільярдэрам.
Часопіс IQ top склаў дваццатку самых багатых людзей Літвы, першы ў спісе - акцыянер кампаніі Vilniaus prekybа Нерыюс Нумавічус.
Паводле ацэнак часопіса, яго маёмасць складае 4,255 млрд літаў - ён значна апярэджвае іншых, піша ru.Delfi.lt.
Самая вялікая каштоўнасць Нумавічуса - акцыі Vilniaus prekybа. Частка, якая належыць яму ацэньваецца больш чым у 2 млрд літаў. Кампаніі Vilniaus prekyba належаць гандлёвыя сеткі Maxima і Eurovaistinė.
У кампаніі Leksita, якая не займаецца актыўнай дзейнасцю, назапашана 1,8 млрд літаў, больш за мільярд належыць Нумавічусу. Ягоная дзель у гандлёвых цэнтрах Akropolis параўнальна невялікая - 172 млн. Гэта таму, што большай часткай акцый кіруюць праз давераных асоб, таму сапраўдны атрымальнік выгады невядомы.
На другім месцы ў спісе самых багатых людзей - другі акцыянер Vilniaus prekybа Жыльвінас Марцінкявічус. Ягоная маёмасць ацэньваецца ў 1,63 млрд літаў. Трэці - які займаецца транспартам, лагістыкай і складаваннем Міндаўгас Райла. Яму належыць 90% акцый кампаніі ME investicija, коштам 961 млн літаў.
На чацвёртым месцы - брат самага багатага чалавека ў Літве Уладас Нумавічус з 812 млн літаў. На пятым - уладальнік канцэрна MG Baltic Дарус Моцкус - 783 млн. літаў.
Самая багатая жанчына ў Літве - Ліда Лубенэ, якая атрымала ў спадчыну частку акцый Achemos grupė. Яна апынулася на шостым месцы ў спісе з 757 млн літаў.
Акрамя Лубенэ, у дваццатцы яшчэ дзве жанчыны. Бірутэ Палейчыкенэ, якая валодае акцыямі Vaizgа на 327 млн літаў, займае 11 месца, а Юратэ Жажэйкенэ - 18.