У аэрапортах Еўропы становяцца больш жорсткімі праверкі электронікі
3- 7.07.2014, 14:08
- 17,709
Асаблівую ўвага будуць надаваць прадукцыі кампаній Apple і Samsung.
Амерыканскія ўлады звярнуліся да адміністрацый найбуйнейшых еўрапейскіх аэрапортаў, якія абслугоўваюць наўпроставыя рэйсы ў ЗША, з патрабаваннем больш дбайна правяраць электронныя прыборы, якія праносяць на борт пасажыры, паведамляе BBC.
Пасажыраў, што вылятаюць у Штаты могуць, да прыкладу, папрасіць увамкнуць кампутар або тэлефон. Калі ж батарэя ў ім незараджаная, то яго наўрад ці дазволяць пранесці з сабой на борт.
Адным з еўрапейскіх аэрапортаў, дзе будзе праводзіцца дбайная праверка электронікі, стане лонданскі Хітроў. Францыя, Брытанія і Нямеччына ўжо выказалі згоду з прапанаванымі ЗША узмоцненымі мерамі бяспекі.
Амерыканскія ўлады абвясцілі аб увядзенні новых мер бяспекі на мінулым тыдні - мабыць, у адказ на нейкую пагрозу, але пры гэтым не сталі распавядаць падрабязнасці.
Назіральнікі мяркуюць, што гэтыя перамены могуць быць рэакцыяй на атрыманыя раней звесткі аб тым, што ісламскія экстрэмісты ў Сірыі і Емене распрацоўваюць бомбы, якія не выяўляюцца існымі кантрольнымі прыладамі ў аэрапортах.
Асаблівая ўвага - тэлефонам
Звычайна ў кожнай краіне меры бяспекі праводзяцца на нацыянальным узроўні, аднак пры арганізацыі беспасадкавага пералёту ў Амерыку авіякампаніі і аэрапорты абавязаныя прытрымлівацца стандартаў, што вызначаюцца Адміністрацыяй транспартнай бяспекі ЗША (АТБ).
У заяве АТБ упершыню падаюцца падрабязнасці, якія тычацца дагляду электронных прылад.
"Падчас дагляду службовыя асобы могуць папрасіць ўладальніка ўключыць апарат, у тым ліку мабільны тэлефон, - гаворыцца ў паведамленні. Ненасілкаваныя прылады не дазваляецца праносіць на борт паветранага судна. Уладальнік такой прылады можа таксама зазнаць дадатковы дагляд".
Вядома таксама, што асаблівую ўвага будуць надаваць прадукцыі кампаній Apple і Samsung.
Аднак пакуль незразумела, у якіх менавіта аэрапортах будуць уведзеныя новыя меры і ці выклічуць яны затрымкі пры даглядзе.