66% расейцаў выступаюць супраць увядзення войскаў ва Украіну
22- 7.07.2014, 17:25
- 19,051
Дзве траціны расейцаў выказваюцца супраць увядзення расейскіх войскаў ва Украіну.
Пра гэта сведчаць звесткі апытання УЦДГМ.
66% расейцаў выступілі супраць ужывання расейскіх войскаў у неспакойных украінскіх рэгіёнах. Аб патрэбе вайсковага ўмяшання Расеі заяўляе чвэрць (27%) апытаных, і перш за ўсё, масквічы і пецярбуржцы (41%), прыхільнікі КПРФ (35%), рэспандэнты з нізкім даходам (35%).
У той жа час, за апошнія месяцы дзель тых, хто дапускае магчымасць вайны паміж Расеяй і Украінай бліжэйшым часам вырасла: з 17% у канцы сакавіка да 30% у чэрвені.
Адначасова, значна менш стала тых, хто ўважае за неверагодны такі сцэнар: цяпер так думаюць 54% супраць 80% у канцы сакавіка. 11% апытаных заявілі, што такая вайна ўжо ідзе.
Расейцы думаюць, што іх войскі могуць увайсці на ўкраінскую тэрыторыю ў выпадку:
працягу гібелі цывільных жыхароў (18%);
узнікнення пагроз тэрарыстычных актаў на тэрыторыі РФ (18%);
нападу на КПП РФ на мяжы з Украінай (18%);
увядзення войскаў NATO на тэрыторыю Украіны (13%).
3% рэспандэнтаў заявілі, што ўсяго таго, што адбылося, ужо дастаткова для прыняцця такой пастановы.