Рэжысёр Сянцоў: мяне хочуць пазбавіць грамадзянства Украіны
8- 7.07.2014, 19:23
- 13,989
Крымскі кінарэжысёр Алег Сянцоў заяўляе, што Расея спрабуе пазбавіць яго ўкраінскага грамадзянства.
Пра гэта ён сказаў у панядзелак на адкрытым пасяджэнні Ляфортаўскага раённага суда Масквы, паведамляе Укрінформ.
«Я хачу заявіць пратэст супраць спробаў пазбаўлення мяне грамадзянства Украіны, паколькі я быў і застаюся грамадзянінам Украіны. Я не прыгонны, мяне нельга кідаць разам з зямлёй ў грамадзянства. Ніякіх заяў я не пісаў з нагоды атрымання расейскага грамадзянства і адмовы ад украінскага», - сказаў рэжысёр. Таксама Сянцоў падкрэсліў, што не прызнае анэксію Расеяй Крыма і ўважае цяперашні ўрад на паўвыспе нелегітымным.
«Я не прызнаю анэксію Крыма і вайсковы захоп Крыма Расейскай Федэрацыяй. І любыя ўгоды, якія заключае зараз нелегітымны ўрад Крыма з Расейскай Федэрацыяй, разглядаю, як несапраўдныя», - сказаў ён.
Сянцоў таксама катэгарычна адмаўляе сваю датычнасць да «Правага сектара» і да арганізацыі тэрактаў на тэрыторыі Крыма, якія яму інкрымінуе расейская ўлада. «Я ніколі не быў удзельнікам «Правага сектара», не арганізоўваў ніякіх тэрарыстычных груповак, не ўчыняў ніякіх тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Крыма», - сказаў ён.
«Абвінавачванні ў спробе падрыву мной нейкіх помнікаў уважаю не толькі неабгрунтаванымі, але і зневажальнымі для сябе...», - сказаў рэжысёр.
Сянцоў быў затрыманы супрацоўнікамі ФСБ Расеі 11 траўня ў Крыме. Паводле версіі ФСБ, рэжысёр уваходзіў у склад дыверсійна-тэрарыстычнай групы «Правага сектара», якая нібыта планавала тэракты ў Крыме, у прыватнасці ў Сімферопалі, Ялце і Севастопалі. Паведамлялася, што фігуранты справы (усяго іх чатыры) даюць паказанні. У іх нібыта канфіскавалі два выбуховыя прыстасаванні.
Сянцову пагражае 20 гадоў пазбаўлення волі. Адвакат рэжысёра раней паведаміў, што ў крымскім СІЗА ягонага падапечнага катавалі. Ляфортаўскі суд падоўжыў тэрмін знаходжання Сянцова пад вартай да 11 кастрычніка.