Як палякі жывуць без ЖЭСаў і ЖРЭА?
10- 12.08.2014, 20:12
- 39,096
Адключэнне гарачай вады на тыдзень-два ў летні перыяд стала б шокам і падставай для невялікага бунту.
Нашыя суседзі даўно аплачваюць 100% камунальных паслуг, але пры гэтым не плацяць ні шэлега чыноўнікам ад ЖКГ - іх проста не існуе. «Салідарнасць» прадаўжае серыю публікацый у рамках праекта «Беларусь-Польшча: 20 гадоў праз».
У Польшчы камунальныя паслугі - гэта бізнэс, а не цяжкі дзяржаўны цяжар, як у Беларусі. У кожным вялікім горадзе - дзесяткі фірмаў, якія займаюцца адміністраваннем жылых дамоў: арганізоўваюць сталае тэхабслугоўванне камунікацый, прыбіранне, бухгалтарскі ўлік і г.д.
Таварыства ўладальнікаў на агульным сходзе можа вызначыць: укладаць дамову з фірмай на комплекснае абслугоўванне або ўзяць гэтыя функцыі на сябе. У другім выпадку «у штаце» працуюць даслоўна пару чалавек - са старшынём-каардынатарам на чале. Але за такія паслугі, як прыбіранне, абслугоўванне камунікацый, ліфтаў, ахову - усё роўна трэба плаціць цалкам.
Якую ж жыроўку атрымае сярэднестатыстычная сям'я Кавальскіх? У папярэднім матэрыяле «Салідарнасць» распавяла пра тое, як Кавальскія купілі 2-пакаёвую кватэру плошчай блізу 50 метраў. Штомесячная квартплата для «двушкі» ў вялікім горадзе складае блізу 350 злотых (Br 1150 тысяч). Мы ўзялі рэальную жыроўку ў жыхароў 50-метровай 2-пакаёвай кватэры ў Варшаве. Вось асноўныя выдаткі:
(усе разлікі ў пераводзе з польскай злотага на беларускія рублі праведзеныя на курсе злотага ў абменных пунктах "Беларусбанка". У дзень падрыхтоўкі публікацыі за 1 злоты прапаноўвалі 3290 беларускіх рублёў. Пасля пераліку на рублі кошты ў артыкуле акругленыя да тысяч)
ацяпленне (вылічваецца сярэдняе спажыванне за ацяпляльны сезон, і атрыманая сума раскладваецца на 12 месяцаў) - 280 тысяч;
вада і сцёкі - 165 тысяч;
адміністраванне - 132 тысяч;
прыватная ахова - 99 тысясч;
электраэнэргія агульнага карыстання - 92 тысячы;
рамонт - 66 тысяч;
прыборка тэрыторыі - 59 тысяч;
вываз смецця - 56 тысяч;
падагрэў вады - 36 тысяч;
адлічэнні ў фонд капрамонту - 17 тысяч;
Раз у паўгода адміністрацыя правярае паказнікі расходу вады і дасылае пераразлік: калі выдатак быў вышэйшы за прагнозны - трэба даплаціць, калі ніжэйшы - грошы вернуць або залічаць у кошт будучых аплат.
Падобная сістэма і з аплатай за электраэнергію: кожны месяц Кавальскія плацяць зыходзячы з прагнозу, раз у квартал атрымліваюць дэталізацыю з просьбай даплаціць альбо заплаціць у наступны раз менш.
У новых дамах не ўсталёўваюць газавых пліт, таму расход электрычнасці крыху вышэйшы. І калі ў Беларусі жыхары з электраплітамі плацяць паводле ільготнага тарыфу, то ў Польшчы такіх паслабленняў няма. 1 кВт гадз каштуе для ўсіх аднолькава - блізу 1100 рублёў. Магчымы таксама выбар тарыфу, паводле якога ўдзень электраэнэргія даражэйшая, уночы - таннейшая, у некаторых гарадах можна выбраць нават пастаўніка энэргіі.
У Польшчы летам гарачую ваду ўсё ж адключаюць. Частка дамоў падключана да цэнтральнага ацяплення, тады планавы рамонт можа доўжыцца дзень-два, пра што загадзя папярэджваюць жыхароў. Вынятак - маштабныя аварыі там, дзе камунікацыі старыя.
Яшчэ частка дамоў «самастойна» грэе ваду пры дапамозе бойлераў. Тады планавыя адключэнні могуць доўжыцца 4-5 гадзін.
Калі ж здарылася бяда і ў ваннай цячэ труба - пан Кавальскі тэлефануе ў адміністрацыю свайго таварыства або наўпрост пану сантэхніку, з якім у таварыства дамова на абслугоўванне дома. Як правіла, польскі сантэхнік цвярозы, прыходзіць на цягам некалькіх гадзін і не муляецца, падвышаючы кошт (хоць, зразумела, бываюць выняткі).