17 траўня 2024, Пятніца, 10:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Расея разумее, што без Украіны імперыя немагчымая

12
Станіслаў Шушкевіч: Расея разумее, што без Украіны імперыя немагчымая

19-21 жніўня 1991 года ўладу ў СССР паспрабавалі захапіць путчысты з Дзяржаўнага камітэта надзвычайнага становішча.

Віцэ-прэзідэнта Генадзь Янаеў 18 жніўня падпісаў указ аб тым, што прыступае да выканання абавязкаў прэзідэнта СССР у сувязі з тым, што Міхаіл Гарбачоў, які знаходзіўся ў той момант на адпачынку ў Крыме, не можа выконваць свае абавязкі з прычыны стану здароўя.

Пра падзеі, якія ў выніку прычыніліся да канчатковага распаду СССР, у інтэрв'ю camarade.biz распавядае Станіслаў Шушкевіч, які ў той час быў першым намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі.

- Калі я пачуў праз радыё «Свабода» склад ГКЧП, што ў яго ўваходзіць Янаеў, (віцэ-прэзідэнт СССР), Старадубцаў (старшыня Сялянскага саюза СССР), (хоць і вельмі здзівіўся, што там быў Пуга (кіраўнік МУС СССР), я яго не асацыяваў з астатнімі), зразумеў: нічога добрага ад іх чакаць не варта. Янаеў - камсамольскі гадаванец самага благога кшталту. На з'ездзе народных дэпутатаў, калі Міхаіл Гарбачоў (прэзідэнт СССР) захацеў прызначыць яго віцэ-прэзідэнтам, я спытаў у Янаева аб тэме яго кандыдацкай дысертацыі, дык ён нават яе назваць не змог.

Я зразумеў, што ГКЧП - гэта штучнае ўтварэнне, спроба контррэвалюцыйнага путчу, адраджэння старых савецкіх парадкаў.

- Што вы рабілі, калі пачулі навіну пра ГКЧП?

- Я паехаў адразу з лецішча дадому, затым пайшоў да Мікалая Дземянцея (старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР), кажу: давайце склікаць сесію Вярхоўнага Савета. Ён адказвае: ну што вы, я толькі што тэлефанаваў Анатолю Лук'янаву (старшыня Вярхоўнага Савета СССР), не трэба збіраць сесію. Тады мы з дэпутатамі пачалі групавацца, нас сабралася дастаткова шмат з патрабаваннем сабраць сесію. Але, на жаль, яна была сабраная толькі 26 жніўня, калі ўжо было добра зразумела, што такое ГКЧП.

Для мяне тыя падзеі ў некаторай меры былі стартавымі, бо праз некалькі месяцаў мяне абралі спікерам парламента, а Дземянцей пайшоў у адстаўку.

- Ці стаў путч цалкам нечаканым або можна было прадбачыць нейкія актыўныя дзеянні прыхільнікаў захавання СССР?

- Для мяне ён быў цалкам нечаканым. Напэўна, я тады не задумваўся над гэтым, здавалася, што ўсе радыя пераўтварэнням у краіне.

Так, былі Альберт Макашоў (на той момант камандуючы Прыволжска-Уральскай вайсковай акругай) і іншыя, а яны заўсёды заставаліся ў меншасці. Я не думаў, што яны могуць арганізаваць пераварот.

- У кіраўніцтве Беларусі многія падтрымлівалі ГКЧП?

- Усе прапаленыя камуністы падтрымлівалі. Ну і заўзятая падтрымка была з боку Дземянцея, які быў упэўнены, што ўсё нармальна, што іх трэба слухаць і гэтак далей.

Астатнія, ва ўсякім выпадку пры кантактах са мной, заўзята ГКЧП не падтрымлівалі.

- У Маскве стаялі танкі, барыкады, у Менску ж было значна спакайней. Чакалі, чым усё скончыцца ў цэнтры?

- Тут не так усё адназначна. У мяне ў тыя дні жонка з сынам былі ў Маскве, але яны не бачылі ніякіх барыкад і танкаў. Тады не было мабільных тэлефонаў, каб пра нейкія падзеі адразу дазнаваўся ўвесь горад.

А на цэнтр рэспублікі, у тым ліку і Беларусь, вельмі моцна азіраліся. Гэта было непазбежна. Існаваў Савецкі Саюз, трэба было вельмі акуратна сябе паводзіць. Я, напрыклад, пасля Чарнобыля абсалютна адмоўна ставіўся да Гарбачова, але не мог гэта адкрыта выказаць ні пры якіх абставінах.

- Калі б перамог ГКЧП, Менск бы гэта прыняў?

- Думаю, старая намэнклятура гэта б прыняла. Прычым паступова, хай нават спачатку і не ўсведамляючы, яна б вярнулася да савецкай сістэмы ў асобе Аляксандра Лукашэнкі. Той зразумеў, што трэба гуляць з імі ў гульні на стары савецкі ўзор.

- Пасля правалу ГКЧП была магчымасць у нейкай форме захаваць СССР, трансфармаваць і дэмакратызаваць яго?

- Думаю, СССР захаваць было немагчыма, ГКЧП пахаваў яго. Мяркую, разгром путчу стаў датай распаду СССР. Адбылася, фактычна, перамога буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі на тэрыторыі Савецкага Саюза. Пачалі паважацца тыя каштоўнасці, якія кіраўніцтва Беларусі цяпер, на жаль, не вельмі паважае.

- Чаму ў некаторых постсавецкіх краінах вобраз СССР становіцца зноў папулярным?

- Прапаганда так працуе: у СССР усё было добра, усё дрэннае пра яго трэба забыць.

Фактычна, што такое Мытны саюз? Гэта палітычнае аб'яднанне, у якім пакуль на першым плане ідуць эканамічныя стасункі. Гэта зноў вяртанне ў Савецкі Саюз, спроба вярнуцца да імперыі.

Плюс вайна ва Украіне. Імперыя без Украіны быць не можа, вось Расея са скуры вон і лезе, каб утрымаць яе. Гэта ўсё жаданне непадзельна кіраваць і будаваць імперыю, якая заменіць СССР, каб жыць паводле сваіх законаў, забываючы пра людзей. Аб дабрабыце грамадзян у імперыях думаць не прынята: «была б краіна родная, і няма іншых клопатаў...».

Фота: bymedia.net

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках