ЗША замарозілі ядзернае пагадненне з РФ
2- 4.08.2014, 14:58
- 10,280
пастанова абмяжуе веды абодвух бакоў аб магчымасцях і намерах адзін аднаго.
Канфрантацыя Вашынгтона і Масквы прывяла да зрыву пагаднення, што абяцала самы высокі ўзровень супрацоўніцтва паміж навукоўцамі-ядзернікамі дзвюх краін за ўсю гісторыю.
Аб гэтым піша The New York Times, паведамляе Inopressa.
Усяго 11 месяцаў таму міністр энэргетыкі ЗША Эрнэст Моніц і ягоны расейскі калега Сяргей Кірыенка падпісалі ў Вене пагадненне, якое, сярод іншага, адкрывала расейскім навукоўцам доступ у Лос-Аламоскую нацыянальную лабараторыю, дзе стваралася першая ядзерная бомба, і ў дзесятак іншых устаноў, якія ўдзельнічаюць у стварэнні амерыканскага ядзернага арсенала.
Аднак на сённяшні дзень дзеянне пагаднення замарожанае: міністэрства энэргетыкі ЗША скасавала запланаваныя на гэты год сімпозіумы і мерапрыемствы, што прадугледжвалі наведванне ядзерных аб'ектаў.
Са слоў Дэніэла Поўнмэна, намесніка міністра, прычынай стала анэксія Расеяй Крыму: "Мы вельмі выразна далі зразумець, што цяпер не час весці справы як і раней".
"Са слоў чыноўнікаў і экспэртаў, гэтая пастанова абмяжуе веды абодвух бакоў аб магчымасцях і намерах адзін аднаго", - пішуць аўтары артыкула, нагадваючы, што "больш за 20 гадоў амерыканскія і расейскія навукоўцы-ядзернікі працавалі плячо да пляча". Замест працягу супрацоўніцтва Масква і Вашынгтон вяртаюцца да звычак, якія нагадваюць аб халоднай вайне.
"Скасаванне [запланаваных мерапрыемстваў] паказвае, як хутка Абама перайшоў ад стратэгіі, якая прадугледжвае далейшую зацікаўленасць Расеі ў супрацоўніцтве, да стратэгіі, згодна з якой прэзідэнт Уладзімір Пуцін мае намер узяць пад кантроль столькі тэрыторый, колькі зможа, і, такім чынам, дапускаць расейскіх навукоўцаў да амерыканскага ядзернага комплексу неразумна", - гаворыцца ў артыкуле.
У той час як Белы дом уводзіць санкцыі супраць Расеі і спрабуе стрымаць прыток расейскіх узбраенняў на Украіну, апраўдаць працяг навуковага абмену сапраўды няпроста, прызнаюць аўтары, "аднак шэраг экспэртаў сцвярджаюць, што як раз у перыяды напружанасці такі абмен на сярэднім узроўні набывае крытычную значнасць", - падкрэсліваецца ў публікацыі.
Так, Грэм Элісан, прафесар Гарварда, які вёў перамовы пра забеспячэнне бяспекі савецкага ядзернага арсенала пры адміністрацыі Біла Клінтана, падтрымлівае ідэю шчыльных стасункаў з расейскімі спецыялістамі ў ядзернай энэргіі: "З'яўляецца магчымасць даведацца адзін пра аднаго бліжэй, папрацаваць над супольнымі праектамі, гэта дае аснову для размовы і супрацоўніцтва".
"Пасля распаду СССР гэта было часткай матывацыі Захаду для фінансавання новых праектаў расейскіх навукоўцаў-ядзернікаў, - нагадваюць журналісты. - Тэарэтычна, калі трымаць іх загружанымі працай, імавернасць таго, што яны стануць прадаваць свае веды Ірану, КНДР або тэрарыстычнай групоўцы з ядзернымі амбіцыямі, зніжаецца".
Аднак складзенае ў Вене пагадненне сягала значна далей: яно абяцала супрацоўніцтва ў найскладанейшых, хай і мірных, атамных праграмах.
"Аднак пасля ўварвання ў Крым настрой на супрацоўніцтва знік", - канстатуюць аўтары артыкула. Гэта вельмі засмуціла "Расатам": у красавіку дзяржкарпарацыя апублікавала заяву, у якой назвала гэты крок "памылковым і супярэчлівым канструктыўнаму духу, які склаўся ў дачыненнях з Міністэрствам энэргетыкі ЗША ў апошнія гады". Паводле заявы кіраўніцтва "Расатама", "палітызацыя тут недарэчная".