16 чэрвеня 2024, Нядзеля, 8:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Баевікі канцэнтруюць тэхніку і артылерыю ў Данецку і Аўдзееўцы

2
Баевікі канцэнтруюць тэхніку і артылерыю ў Данецку і Аўдзееўцы

Сітуацыя ў зоне канфлікту ў Данбасе не дазваляе меркаваць, што тэрарысты настроены на выкананне мірных дамоўленасцей.

Пра гэта піша на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» кіраўнік украінскага Цэнтра вайскова-палітычных даследаванняў Дзмітрый Тымчук.

«Цяжкая тэхніка і артылерыя калібрам больш за 100 мм, раней адведзеная баевікамі і расейскімі вайскоўцамі на пэўных участках лініі судакранання з украінскімі войскамі ў Данецкай вобласці, папросту перакінутая на іншыя ўчасткі - у першую чаргу ў раён Данецка і Аўдзееўкі», піша ён.

Са слоў Дзмітрыя Тымчука, у сувязі з падрыхтоўкай Расеяй незаконнага ўводу ва Украіну чарговага «гуманітарнага канвою» чакаецца рост інтэнсіўнасці абстрэлаў пазіцый украінскіх войскаў. Раней градацыя абстрэлаў выглядала наступным чынам:

Канвой 12.09: у дзень уваходу ва Украіну - 35 абстрэлаў, праз дзень (час дастаўкі боепрыпасаў, якія прыбылі з канвоем, да пазіцый баявікоў) - 63 абстрэлы.

Канвой 20.09: у дзень уваходу ва Украіну - 29 абстрэлаў, праз дзень - 70 абстрэлаў.

Адзначаецца зацягванне тэрарыстамі перамоўнага працэсу што да перадачы палонных. Асабліва гэта праяўляецца падчас перамоваў аб перадачы ўкраінскім боку захопленых баевікамі вайскоўцаў у афіцэрскім званні.

«Задэклараванае тэрарыстамі стварэнне «аб'яднаных узброеных сіл Наваросіі» на практыцы не назіраецца. У выніку «дружалюбнага агню» з боку баевікоў у Данецкай вобласці зафіксавана знішчэнне расейскай станцыі перашкод Р-330Ж «Жыхар» разам з экіпажам з вайскоўцаў РФ, яшчэ адна расейская станцыя РЭБ пашкоджаная ў выніку абстрэлу.

Таксама ў Луганскай вобласці адзначаны перастрэлкі паміж групамі мясцовых баевікоў з выкарыстаннем 120-мм мінамётаў. Паводле некаторых звестак, у выніку перастрэлак паміж тэрарыстамі загінула некалькі «палявых камандзіраў» баевікоў і значная колькасць «радавых» тэрарыстаў», - піша Тымчук.

Кіраўніцтва «ЛНР» распаўсюджвае сярод мясцовых баевікоў загад аб забароне марадзёрства пад пагрозай расстрэлу. Аднак гэта не стрымлівае рост бандытызму з боку баевікоў, якія засяродзіліся на рабаванні ацалелых крам у Луганску і іншых населеных пунктах вобласці.

У Данецкай вобласці атрады баевікоў «ДНР» пачалі атрымліваць з Расіі б/у зімовае абмундзіраванне.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках