«Эхо Москвы» гадзіну размаўляла па-беларуску
9- 29.09.2014, 19:10
- 12,115
Расейская радыёстанцыя «Эхо Москвы» ў ноч з 26 на 27 верасня зладзіла «Беларускую гадзіну».
З 2 да 3 гадзін ночы ў эфіры гучала беларуская мова. Вяла перадачу журналістка Аліна Грабнёва (беларуска, ураджэнка Бабруйска, якая даўно ўжо працуе ў маскоўскіх СМІ).
Падчас «Беларускай гадзіны» абмяркоўвалася палітыка, праводзіліся апытанні: вядоўца цікавілася, ці стала ў жыцці расейцаў больш беларускіх тавараў пасля ўвядзення санкцый і ці хацелі б слухачы, каб Лукашэнка стаў прэзідэнтам Расеі (дарэчы, большасць аўдыторыі выказалася супраць такой ідэі), паведамляе nn.by.
Гучала беларуская музыка («Песняры», «Ляпіс Трубяцкі», NRM). Праводзіліся і моўныя конкурсы: напрыклад, расейскім слухачам прапаноўвалася адгадаць, што такое «навальніца» або «дыван». Пераможцы атрымалі ў падарунак кнігі Васіля Быкава (праўда, перакладзеныя на расейскую мову).