Браніслаў Камароўскі: Расея заплаціць вялікі кошт
14- 9.09.2014, 9:54
- 10,834
Расея даволі хутка адчуе на сабе эфект ад санкцый заходніх краін.
Пра гэта заявіў прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі ў інтэрв'ю польскаму тэлеканалу TVN24, піша «Еўрапейская праўда».
«Гэта не проста пытанне, ці будуць расейцы есці нашыя яблыкі ці не, але і пытанне таго, ці будуць яны мець доступ да новых тэхналогій, крэдытаў, без якіх эканоміка Расеі не будзе развівацца», - сказаў ён.
З ягоных слоў, негатыўныя наступствы санкцый для расейскай эканомікі - гэта толькі пытанне часу.
«Роля заходняга свету ў тым, каб Расея ведала, што яна будзе плаціць за свае дзеянні. Гэта будзе кошт у выглядзе павольнага эканамічнага росту, палітычнай ізаляцыі, а не толькі ў колькасці жаўнераў, якія загінулі на вайне», - падкрэсліў Камароўскі.
Такі шлях павінен пераканаць расейцаў, што лепш выбіраць мадэрнізацыю, чым імперыялізм, мяркуе ён.