На фестывалі «Тэатральны куфар» у Менску пакажуць 20 спектакляў
- 9.09.2014, 17:32
- 4,308
На фестывалі «Тэатральны куфар. БДУ-2014», які пройдзе ў Менску з 21 да 27 верасня, будзе паказана 20 спектакляў.
Пра гэта сёння паведаміла дырэктар фестывалю Кацярына Саладуха на прэс-канферэнцыі, прысвечанай студэнцкаму конкурсу, паведамляе карэспандэнт БелТА.
«На фестывалі будзе паказана 20 спектакляў. Але толькі 10 пастановак пазмагаюцца за Гран-пры фестывалю. Ацэньваць п'есы будзе міжнароднае журы - тэатральныя рэжысёры з Грузіі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Італіі, Літвы, Беларусі і Бразіліі. Судзейская калегія абярэ лепшую мужчынскую і жаночую ролю першага і другога плана, лепшую сцэнаграфію і рэжысуру. Паводле традыцыі ацэньваць спектаклі будуць і гледачы», - распавяла Кацярына Саладуха.
Адкрые фестываль монаспектакль «Наташына мара» літоўскага тэатра «LAISVASIS TEATRAS». Прэм'ера адбудзецца адразу ж пасля афіцыйнай часткі адкрыцця і пройдзе ў час аўтарскага праекта «МоноК», які ў гэтым годзе аднавіў сваю працу. «Наташына мара» - гэта гісторыя кахання і злачынствы дзяўчынкі з дзіцячага дома, расказаная на сцэне толькі адной акторкай. Усяго менчукі ўбачаць два монаспектаклі.
«Дэвіз гэтага фестывалю - «Усе дарогі вядуць на «Куфар», і мы давядзём, што гэта менавіта так. Фармат цяперашняга спаборніцтва набыў новую якасць. Так, у гонар 450-годдзя з дня нараджэння ангельскага драматурга Уільяма Шэкспіра на сцэнічных пляцоўках Менска будуць паказаныя пастаноўкі паводле яго п'ес. Госці фестывалю ўбачаць сцэнічнае ўвасабленне праекта мінулага года «КуфарДрамаЛаб», - адзначыла дырэктар фестывалю.
У сваю чаргу рэжысёр фестывалю Аляксандр Ігнатчык дадаў, што асобны праект «Куфар.by» пакажа лепшыя дасягненні беларускіх студэнцкіх тэатраў. «Большасць з пастановак не ўвойдзе ў асноўную конкурсную праграму, аднак гледачы ўбачаць працы тэатральных калектываў з Менска, Полацка і Гомеля», - растлумачыў ён.
Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў упершыню прайшоў у 2004 годзе. Тады яго ўдзельнікамі сталі калектывы з Беларусі, Расеі, Швейцарыі і Англіі.