Беларусы пагражаюць амбасадзе РФ «каруселлю пікетаў»
8- 9.09.2014, 19:16
- 11,034
Актывісты прапануюць кожны дзень падаваць заяўкі на пікеты ля амбасады Расеі з патрабаваннем спыніць вайсковыя дзеянні ва Украіне.
Заяўкі на першыя пікеты 19, 20 і 21 верасня ўжо падалі ў Менгарвыканкам. Пра гэта сайту charter97.org паведамілі ў прэс-службе руху «За свабоду», які выступіў арганізатарам акцыі.
«Калі знойдзецца шмат ахвотных і на кожны дзень падаваць заяўкі на пікеты, то чыноўнікі Менгарвыканкама будуць абавязаныя даваць адказы, прыдумляючы новыя тлумачэнні сваім адмовам у іх правядзенні», - распавёў Марчанка.
Як мяркуе актывіст руху «За Свабоду», адказы на заявы аб правядзенні пікетаў будуць адмоўнымі, але ён хоча «прымусіць чыноўнікаў выконваць Канстытуцыю і законы». Марчанка таксама адзначыў, што асабіста працягне змагацца «за магчымасць законна пратэставаць супраць расейскіх дзеянняў ва Украіне». «Я б хацеў, каб вайна хутчэй скончылася ва Украіне, і буду падаваць заяўкі, пакуль гэта не адбудзецца», - сказаў ён.