Яцэк Сарыюш-Вольскі: «У дачыненні да Лукашэнкі павінна быць палітыка жорсткіх санкцый і патрабаванняў»
15- 10.01.2015, 13:23
- 32,115
Дэпутат Еўрапарламента сустрэўся з былымі беларускімі палітвязнямі.
Сябра Камітэта ў замежных справах Еўрапейскага Парламента, былы віцэ-старшыня ЕП і віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай Народнай Партыі Яцэк Сарыюш-Вольскі 8 студзеня сустрэўся ў варшаўскай рэдакцыі charter97.org з лідэрам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэем Саннікавым, каардынатарам «Еўрапейскай Беларусі» Дзмітрыем Бандарэнкам, судырэктарам Беларускага дома ў Варшаве Уладзімірам Кобецам і галоўным рэдактарам charter97.org Наталляй Радзінай.
Падчас сустрэчы абмяркоўвалася цяжкая сітуацыя з палітвязнямі ў беларускіх турмах, працяг палітычных рэпрэсій у краіне, блакаванне ў Беларусі незалежных інтэрнэт-сайтаў, неабходнасць дапамогі медыя і дэмакратычнай апазіцыі, а таксама якой павінна быць палітыка Захаду ў дачыненні да нашай краіны ў новай геапалітычнай сітуацыі.
«У палітыцы Еўрапейскага звязу ў дачыненні да Беларусі павінна быць два кірункі. Гэта павінна быць палітыка жорсткіх санкцый і патрабаванняў. Пачынаючы з такіх патрабаванняў як вызваленне палітычных зняволеных і свабода СМІ і заканчваючы свабоднымі выбарамі і ўсімі астатнімі дэмакратычнымі стандартамі. І калі з аднаго боку неабходныя жорсткія санкцыі ў дачыненні да рэжыму, то з другога - максімальная адкрытасць у дачыненні да грамадзянскай супольнасці. У гэтай другой часткі трэба ствараць беларусам магчымасці падарожнічаць у краіны Еўрапейскага звязу, даваць магчымасці абмену студэнтамі, кантактаў арганізацый грамадзянскай супольнасці, падтрымліваць незалежныя СМІ - рабіць усё, што можа прынесці перамены ў Беларусі», - сказаў пасля сустрэчы сайту charter97.org Яцэк Сарыуш- Вольскі.
Дэпутат Еўрапарламента асобна пракаментаваў намеры беларускіх уладаў блакаваць незалежныя інтэрнэт-сайты ў Беларусі. Такая блакіроўка адбылася ў канцы снежня 2014 года, але сёлета многія беларускія сайты, уключаючы charter97.org, падпадаюць пад дзеянне «драконаўскіх» паправак у закон аб СМІ.
«Мы будзем выказваць пратэст і заяўляць пра гэта ў нашых рэзалюцыях. Цяпер, пасля атакі на свабоду выказвання ў Парыжы, асаблівы момант, калі мы можам вярнуцца да пытання свабоды слова, да таго дзе і ў якім маштабе яна душыцца. А ў Беларусі гэтая свабода душыцца абсалютна.
З боку Еўразвязу павінны з'явіцца дыпламатычныя і іншыя сігналы. Аднак, я мяркую, што гэта будзе эфектыўна толькі тады, калі гэтыя сігналы з'явяцца ў цэлым пакеце патрабаванняў - вызваленне палітвязняў, захаванне свабоды слова і г.д. І ад захавання гэтых патрабаванняў павінна залежаць палітыка ЕЗ у дачыненні да Беларусі», - сказаў Яцэк Сарыюш-Вольскі.