Яцэк Сарыюш-Вольскі: Захад павінен узмацніць санкцыі ў дачыненні да Расеі
2- 12.12.2014, 14:16
- 8,044
Канфлікт у Данбасе з'яўляецца пагрозай для бяспекі ЕЗ.
Пра гэта заявіў у інтэрв'ю для Polskier radio пастаянны дакладчык Еўрапейскага парламента што да Украіны Яцэк Сарыюш-Вольскі.
Ён адзначыў, што Кіеў робіць досыць шмат на міжнароднай арэне, а Захад не прадпрымае дастатковых крокаў для таго, каб дапамагчы Украіне. На ягоную думку ЕЗ павінен перадаць гэтай краіне зброю, каб зраўняць яе шанцы ў барацьбе з Расеяй».
- Дадаткова патрэбная чарговая хваля санкцый Захаду ў дачыненні да Масквы - як рэакцыя на абвастрэнне канфлікту - дадаў еўрапарламентар. - Няма, аднак згоды, каб санкцыі пашырыць і ўзмацніць. Калі наступіць абвастрэнне ваенных дзеянняў з боку Расеі, мы будзем прытрымлівацца прынцыпу «больш за больш»: чым больш ваенных дзеянняў з боку Масквы, тым больш падтрымкі з боку ЕЗ і міжнароднай супольнасці для Украіны. Ёсць згода для ўзмацнення санкцый у такой сітуацыі. Аднак у Еўрапарламенце няма згоды што да паставак зброі.
На ягоную думку, санкцыі маглі б быць мацнейшымі, аднак яны ўжо з'яўляюцца сур'ёзным ударам для расейскай эканомікі і сталі прычынай крызіснай сітуацыі і сур'ёзнай занепакоенасці ўжо не толькі элітаў уладаў, а і з боку грамадства.
Яцэк Сарыюш-Вольскі падкрэсліў, што Украіна не засталася адна, а падтрымка Захаду аказваецца.
- Можа быць гэта не непасрэдная вайсковая падтрымка, але з'явілася шырокая эканамічная падтрымка. Я маю на ўвазе аднабаковае адкрыццё рынку ЕЗ для ўкраінскіх тавараў - гэта жэст салідарнасці. Па-другое, з’явіўся магутны пакет фінансавай дапамогі, у памеры 11 мільярдаў даляраў еўра і другі, яшчэ большы - Міжнароднага валютнага фонду - падкрэсліў еўрадэпутат.
Кажучы пра бяспеку Польшчы ў кантэксце канфлікту, Яцэк Сарыюш-Вольскі звярнуў увагу, што кожная вайна ля межаў краіны і Еўразвяза ўяўляе пагрозу.
- Таму ўся палітыка суседства Еўразвяза накіраваная на тое, каб стварыць кола сяброў. Па магчымасці дэмакратычных, якія будуць карыстацца дабрабытам і захоўваць добрыя стасункі з Еўразвязам, і паміж адзін адным - сказаў ён. - На Усходзе гэта не спрацавала. Мы маем справу з узброеным канфліктам, які з'яўляецца выклікам і ўплывае на бяспеку, як Польшчы, так і ўсяго ЕЗ.