Затрыманых на панк-канцэрце ў Менску караюць арыштамі і штрафамі
14- 12.01.2015, 16:02
- 21,223
Гледачы, затрыманыя на панк-канцэрце ў менскім клубе «Піраты», прысуджаныя да штрафу і адміністрацыйных арыштаў.
Пра гэта БелаПАН паведаміў адзін з сяброў затрыманых, які прысутнічаў на судовым працэсе.
Разгляд справы праходзіў у судзе Ленінскага раёна Менска. У дачыненні да ўсіх маладзёнаў былі складзеныя пратаколы паводле арт.17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Двух затрыманых таксама абвінавачвалі ў распаўсюдзе экстрэмісцкай літаратуры (арт.17.11 КаАП).
Аднак падчас працэсу былі выяўленыя недахопы ў складзеных дакументах паводле арт.17.11, таму суддзя адправіў іх у міліцыю на дапрацоўку.
Паводле абвінавачвання ў дробным хуліганстве двое маладзёнаў асуджаныя на 10 дзён адміністрацыйнага арышту, а дзяўчына аштрафаваная на 10 базавых велічыняў (1 млн. 800 тысяч беларускіх рублёў).
Нагадаем, вечарам 10 студзеня супрацоўнікі АМАП уварваліся на панк-канцэрт у менскі клуб «Піраты». Яны паставілі больш за сотню ўдзельнікаў і гледачоў канцэрту і персанал клуба тварам да сцяны і прымусілі падняць рукі ўверх. Міліцыя перапісала звесткі гледачоў і музыкаў, абшукала і зняла некаторых на відэакамеру. Усё гэта працягвалася на працягу паўтары гадзіны, затым супрацоўнікі праваахоўных органаў пакінулі клуб. Яны аргументавалі свае дзеянні тым, што нібыта паступіў званок аб тым, што ў клубе распаўсюджваюцца наркотыкі.