«Палатка» ухваліла антынаркатычны дэкрэт
21- 15.01.2015, 19:25
- 13,187
У чацвер «палатка» ухваліла папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія накіраваны на барацьбу з незаконным абаротам наркотыкаў.
Як паведамляе агенцтва "Інтерфакс-Захад", Аляксандр Лукашэнка ў канцы снежня мінулага года падпісаў дэкрэт N6 "Аб неадкладных мерах у супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў". Дэкрэт уступіў у сілу з 1 студзеня 2015 года.
Згодна з дакументам, стала больш жорсткай крымінальная адказнасць за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў.
Так, павялічаны максімальны тэрмін пазбаўлення волі за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў пры наяўнасці абцяжарвальных прыкмет (напрыклад, учыненыя групай асоб, альбо ў дачыненні да асабліва небяспечных наркотыкаў, альбо ў буйным памеры, альбо на тэрыторыі ўстановы адукацыі), - з 13 да 15 гадоў ; збыт наркотыкаў заведама непаўнагадоваму - з 8 да 15 гадоў; дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, учыненыя арганізаванай групай, - з 15 да 20 гадоў, а таксама за выраб або перапрацоўку наркотыкаў у лабараторных умовах - з 8 да 20 гадоў.
Уведзеная крымінальная адказнасць за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, якія пацягнулі праз неасцярожнасць смерць чалавека ў выніку спажывання ім наркотыкаў (цягне пазбаўленне волі на тэрмін ад 12 да 25 гадоў); незаконнае перамяшчэнне наркотыкаў праз дзяржаўную мяжу Беларусі пры адсутнасці прыкмет кантрабанды (цягне пазбаўленне волі на тэрмін да 12 гадоў); паўторнае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне спажыванне ў грамадскім месцы наркотыкаў, або з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап'янення, альбо знаходжанне на працоўным месцы ў працоўны час у стане наркатычнага ап'янення (цягне максімальнае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 2 гады).
Зніжаны ўзрост наступу крымінальнай адказнасці за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, з 16 да 14 гадоў.
Узмоцненыя меры адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні, звязаныя з спажываннем наркотыкаў. Уведзеная адміністрацыйная адказнасць за з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап'янення (штраф у памеры ад 5 да 10 базавых велічынь); непрыняцце індывідуальным прадпрымальнікам або юрыдычнай асобай мер у недапушчэнні на дыскатэках, у культурна-забаўляльных (начных) клубах, ігральных установах спажывання наркотыкаў альбо іх збыту, а таксама за неінфармаванне органаў унутраных спраў аб выяўленых фактах учынення такіх дзеянняў (штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь).
Павялічаны максімальныя памеры штрафаў за знаходжанне на працоўным месцы ў працоўны час у стане наркатычнага ап'янення (з 10 да 12 базавых велічынь); спажыванне наркотыкаў без прызначэння лекара ў грамадскім месцы (з 8 да 15 базавых велічынь).
У дакуменце таксама замацаваныя палажэнні, якія дазваляюць аператыўна забараняць абарот на тэрыторыі Беларусі новых псіхаактыўных рэчываў (курыльных сумесяў, "спайсаў") і прыцягваць да адказнасці іх распаўсюднікаў.
У сувязі з пагрозай шырокага распаўсюджвання наркотыкаў з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт замацаваны механізм аператыўнага абмежавання доступу карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг да інтэрнэт-рэсурсаў, якія змяшчаюць матэрыялы, накіраваныя на незаконны абарот наркотыкаў. Пастановы аб такім абмежаванні прымаюцца Мінінфармам на падставе пісьмовых апавяшчэнняў МУС і з'яўляюцца абавязковымі для выканання ўсімі пастаўшчыкамі інтэрнэт-паслуг на тэрыторыі Беларусі.
Акрамя таго, з 1 сакавіка 2015 года будзе створаная Адзіная сістэма ўліку асоб, якія спажываюць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх аналагі.
Уведзеная абавязковая ідэнтыфікацыя ўладальнікаў электронных кашалькоў, створаных у электронных аплатных сістэмах, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі (незалежна ад памераў сум электронных грошай, якія лічацца ў такіх электронных кашальках).