17 траўня 2024, Пятніца, 5:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Супрацоўнік міліцыі падаў іск за запіс у блогу

157

Жыхарку Менска Алену Стогаву будуць судзіць у панядзелак 19 студзеня.

Іск супраць яе падаў прапаршчык УУС аховы Менскага метрапалітэна. Ігар Дунько запэўнівае, што дзяўчына сваім постам у Жывым часопісе абразіла ягоны асабісты гонар і годнасць, піша «Беларускі партызан».

Прапаршчык заявіў, што выразы «мянтоўская краіна», «мянты» і «ненавіджу вас усёй душой» былі ўспрынятыя ім як абразы ягонага гонару і годнасці.

3 снежня 2014 года ў 19 гадзін вечара дзяжурная ля турнікетаў не прапусціла Алену Стогаву ў метро на падставе таго, што дзяўчына нібыта п'яная. Са слоў жыхаркі Менска, яна была абсалютна цвярозай і настойвала на складанні пратаколу і экспертызе. Работнікі метрапалітэна былі непахісныя, ад пратаколу і экспертызы адмовіліся, але дзяўчыну ў метро не прапусцілі. Сварка заняла ўсяго некалькі хвілін. Увесь гэты час побач стаяў важна прапаршчык міліцыі.

Пазней супрацоўнікі метро распаўсюдзілі запіс з камер відэаназірання. Ён быў наўмысна запаволены, каб стварылася ўражанне, што Алена Стогава неадэкватна махае рукамi.

Журналісты адшукалі дзяўчыну і пагаварылі з ёй.

- Алена, вас дапытвалі ў міліцыі метрапалітэна - чаму там і на якой падставе? Гэта значыць міліцыянт з метро падае на вас у суд і міліцыя метрапалітэна вас дапытвае?

- Так, мяне запрасілі ва УУС аховы Менскага метрапалітэна. Падстава – іск, які паступіў на мяне.

Я давала паказанні, а супрацоўніца ўпраўлення фіксавала маю версію таго, што адбылося, і матывы, з якіх у сетцы з'явіўся мой аповед. Гэта была працэдура, якая папярэднічае перадачы справы ў суд. Маімі паказаннямі быў дапоўнены ўжо складзены пратакол - там дастаткова тоўстая папка, дзе сабраныя ўсе матэрыялы гэтай справы.

- Галоўная прэтэнзія прапаршчыка да слоў «мянты» і «мянтоўская краіна»?

- З пункту гледжання гэтай службовай асобы, я прынізіла яго пры выкананні.

Зразумела, асабіста гэтага чалавека (як і двух іншых людзей, якія фігуруюць на фота) мае словы не краналіся, яны ставіліся да сітуацыі агулам.

А пра тое, што слова «мянты» - лаянкавае, я даведалася толькі на сустрэчы ва УУС. «Мянты» - дык так нават вядомы серыял пра міліцыю называецца.

- Ці прысутнічаў хто-небудзь з кіраўніцтва метро падчас допыту?

- Падчас допыту прысутнічалі тры чалавекі: я, мой адвакат і супрацоўніца УУС, якая мяне дапытвала.

- Мяркуючы па відэа, міліцыянт стаяў побач, але не ўмешваўся ў вашую спрэчку з работнікамі метрапалітэна. Вы прапаноўвалі прайсці медыцынскі агляд на прадмет алкагольнага ап'янення?

- Так, я і ў сваім блогу тады напісала: калі супрацоўніца метрапалітэна запрасіла праз маю просьбу людзей у форме, я настойвала на медыцынскай экспертызе. На відэа з камер назірання, якое распаўсюдзіў метрапалітэн, уся размова менавіта пра гэта. Я прапаноўвала супрацоўнікам не быць галаслоўнымі ў сваіх высновах аб маім стане. А яны ў адказ толькі іранізавалі, жартавалі і прасілі мяне пакінуць падземку.

- Чаму вы вырашылі тады апісаць тую жудасную гісторыю? Што вас больш закранула ў тым канфлікце?

- Я прыйшла дадому абсалютна ў шоку. Мяне настолькі абразіла такое стаўленне да людзей. Тое, што на пустым месцы, абсалютна ні ў чым не вінаватага чалавека лёгка могуць зрабіць вінаватым, што не магла стрымацца і напісала пра ўсё ў сваім часопісе.

Пасля таго, як мяне не пусцілі ў метро і я паднялася на холад (а ў тыя дні ўвечары ў Менску было амаль 20 градусаў марозу), стала дзіка крыўдна. Літаральна да слёз. Мяне трэсла ад таго, што здарылася, нават калі я прыехала дадому. Нічога не дапамагала: ні «паплакаць у камізэльку», ні шпацыр з сабакам. І я выгаварылася ў сваім ЖЧ.

Больш за ўсё закранула тое, што нават мірны чалавек, накшталт мяне, можа быць такім вось чынам раптам спынены і прыніжаны без усялякіх разглядаў.

- Чаму вы потым заблакавалі свой пост у ЖЧ пра метро? Спалохаліся?

- Праз пару тыдняў запіс на нейкі час быў закрыты, дакладней, пераведзены ў рэжым «толькі для мяне».

Але не таму, што я спалохалася або мне стала сорамна. Мяне папрасіў пра гэта адзін з кліентаў, з якім я супрацоўнічаю ў піяры. Маўляў, гэта можа пашкодзіць ягонаму бізнэсу. Крыху пазней гэты чалавек сам прапанаваў усё вярнуць. Так што пост на месцы.

- Як рэагуюць вашыя знаёмыя на тое, што з вамі адбылося?

- Інцыдэнт паказаў, як шмат са мной побач чулых, добрых, выдатных людзей.

Падтрымалі і прадаўжаюць падтрымліваць у тым ліку незнаёмыя людзі, якія дасылалі лісты і паведамленні са сваімі гісторыямі і цёплымі словамі. Дзясяткі людзей, дзясяткі гісторый.

Выявілася, далёка не ўсе гатовыя пісаць скаргі або агучваць сваю пазіцыю, калі сутыкаюцца з несправядлівасцю, хамствам або «сіндромам вахцёра». Людзі моўчкі ідуць дадому і скардзяцца адзін аднаму на кухні. І я добра іх разумею: трэба быць вельмі моцным чалавекам, каб сустрэчны агонь не выпальваў нервы і здароўе.

- На ваш погляд, наколькі просты беларус, які не займаецца палітыкай, абаронены ад самавольства ахоўнікаў метро ці нейкіх людзей, надзеленых уладай?

- Калі я чытала гісторыі, якія прыходзілі мне на пошту, валасы ўставалі дыбам. На жаль, мой інцыдэнт цьмянее ў параўнанні з тым, што перажылі іншыя, якія, як і я, ніяк не звязаныя з палітыкай і далёкія ад апазіцыйных настрояў.

Гэтыя паўтара месяца вельмі мяне змянілі.

Быццам жывеш у мульціку пра «ружовых аднарогаў, якія пісаюць зоркамі», і раптам цябе раптам змяшчаюць у дрэннае кіно. Не ведаю, які будзе фінал гэтага фільма.

Факт, што я вельмі ўдзячная гэтай гісторыі: яна робіць мяне мацней, мудрэй і расплюшчвае вочы на рэальныя настроі ў нашым грамадстве.

Напісаць каментар 157

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках