За ноч хуліганы спалілі ў Францыі 940 аўтамабіляў
7- 2.01.2015, 9:12
- 13,512
У навагоднюю ноч у Францыі хуліганы спалілі 940 аўтамабіляў.
Як распавёў афіцыйны прадстаўнік МУС краіны П'ер-Андрэ Брандэ, падпалы машын адбываліся ў самых розных раёнах Францыі, але іх большая частка прыпала на сталіцу і ўсход краіны, а таксама дэпартаменты Верхні і Ніжні Рэйн, паведамляе ТАСС.
Паводле звестак установы, паліцыя і жандармерыя падчас барацьбы з беспарадкамі затрымалі 308 чалавек.
У Парыжы ў навагоднюю ноч у парку блізу плошчы Тракадэра, размешчаным насупраць Эйфелевай вежы, падчас канфлікту з групай невядомых нажавое раненне атрымаў 17-гадовы француз. Праз некалькі гадзін ён памёр у бальніцы. Паліцыя падазрае, што на яго напалі мясцовыя бяздомныя. Адзін з меркаваных забойцаў затрыманы.
Год таму ў навагоднюю ноч у Францыі былі спаленыя 1067 аўтамабіляў. Тады супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі больш за 320 хуліганаў.