19 траўня 2024, Нядзеля, 5:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія гастарбайтэры бягуць з Расеі

29
Беларускія гастарбайтэры бягуць з Расеі

Праз курс расейскага рубля іх зарплаты за мяжой апусціліся амаль да ўзроўню беларускіх.

Раней многія беларусы ехалі на заробкі ў Расею. Тыя ж будаўнікі, электрыкі і іншыя прадстаўнікі працоўных спецыяльнасцей маглі зарабляць у суседзяў адчувальна болей, чым у Беларусі. Але пасля таго, як расейскі рубель абясцэніўся амаль у два разы, разбежка ў заробках больш не выглядае такой ужо вялікай, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

- Нядаўна я апублікаваў аб'яву аб пошуку новых супрацоўнікаў, і мне патэлефанавала вельмі шмат рабочых, якія раней працавалі ў Расеі, але цяпер вярнуліся ў Беларусь і не могуць знайсці тут месца, - кажа прадпрымальнік Леанід, у якога свая фірма ўстаноўкі відэаназірання. - Па-першае, пасля падзення расейскага рубля суадносіны паміж узроўнем заробкаў у Беларусі і Расеі ўжо не такія істотныя, як раней. У расейскіх рублях зарплаты не змяніліся, беларускі будаўнік па-ранейшаму можа атрымліваць блізу 35-50 тысяч расейскіх рублёў у месяц. Але калі раней гэта было 1000-1500 даляраў, то цяпер - 500-750 даляраў. Такія заробкі можна знайсці і ў Беларусі. А па-другое, будаўнічыя працы ў Расеі згортваюцца, таму працу там знайсці складана.

- А ў нас хопіць вакансій на ўсіх, хто цяпер вернецца з Расеі?

- Я скажу так: калі раней людзі бурчалі з нагоды зарплаты, то цяпер - маўчаць. А кіраўнікі могуць палепшыць калектыў. Людзі, якія з'язджалі працаваць у Расею - гэта, на самай справе, першакласныя спецыялісты, а цяпер з іх можна выбіраць. І кошт працоўных рэсурсаў паменшыўся.

Вакансіі на сайтах пошуку працы пацвярджаюць: заробкі ў Расеі па-ранейшаму вышэй, чым у Беларусі, але цяпер гэтая розніца не настолькі вялікая, каб ехаць да суседзяў і працаваць далёка ад дома. Напрыклад, у Менску будаўнікам прапануюць у сярэднім ад 13 да 17 мільёнаў беларускіх рублёў у месяц (870-1145 даляраў паводле цяперашняга курса), а ў Маскве - ад 70 да 100 тысяч рублёў расейскіх (1100-1540 даляраў). А на іншых прыкладных спецыяльнасцях розніца і таго менш. Да прыкладу, у Менску электрамантажнікам прапануюць у месяц ад 6- 8500000 (400-575 даляраў), а ў Маскве - 40-50 тысяч (615-770 даляраў). Аздабляльнікам у беларускай сталіцы прапануюць заробак у 8 мільёнаў рублёў (540 даляраў), а ў расейскай - у сярэднім 40 тысяч (615 даляраў). Розніца не даходзіць нават да ста "зялёных".

Топ-менеджары дадому пакуль не спяшаюцца

Калі беларускія рабочыя праз падзенне заробкаў актыўна вяртаюцца дадому з Расеі, то тыя, хто займае больш высокія пазіцыі, пакуль не спяшаюцца пакідаць звыклыя месцы.

- З моманту пачатку крызісу прайшло занадта мала часу, каб можна было пра нешта судзіць, - упэўненая Ірына Шаткоўская, дырэктар кансалтынгавай агенцтва «Коллекция открытий». - Па-першае, людзі не звальняюцца за адзін раз, ім трэба дапрацаваць да канца кантракту. А па-другое, менавіта ў студзені шматлікім выплачваюць бонусы за мінулы год. Думаю, агульныя тэндэнцыі будуць зразумелыя бліжэй да вясны. Але пакуль мы сутыкаемся з адзінкавымі выпадкамі, калі беларусы вярнуліся з Расеі.

- Такія выпадкі ёсць, але яны бывалі заўсёды. Я не магу сказаць, што беларускія топ-менеджары пачалі масава вяртацца з Расеі і Украіны, - кажа Нэлі Міхайлоўская, дырэктар кадравага агенцтва «Анкор». - Хутчэй, яны пераязджаюць у Беларусь не таму, што дрэнна там, а таму, што дома ім прапанавалі пасаду не горш і з ранейшым узроўнем зарплаты. На іх кар'еры і даходах гэта ніяк не адбіваецца.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках