6 траўня 2024, панядзелак, 9:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыя шукае назіральнікаў руху «За Свабоду»

Міліцыя шукае назіральнікаў руху «За Свабоду»

Траіх актывістаў, якія назіралі ў Менскай вобласці на прэзідэнцкіх выбарах ад Руху «За Свабоду» і адзначыліся вялікай колькасцю скаргаў, шукае міліцыя.

Назіральнікаў шукаюць у Слуцку, Маладзечне і Барысаве, паведамляе прэс-служба руху «За Свабоду».

Так у Слуцку ўчастковы шукаў назіральніка з 56 ўчастка: скаргі, якія актывіст накіраваў у пракуратуру, перадалі ў міліцыю, а міліцыя перадала ўчастковаму.

«Да барысаўскай дзяўчыны па месцы рэгістрацыі прыходзіла міліцыя, - адзначыў Віталь Амяльковіч. - Я там не жыву, але маці перадала, што яе шукаюць».

Яшчэ аднаго назіральніка ад Руху «За Свабоду» Валянціна Цішко з Маладзечна выклікалі ў міліцыю. Ён падаваў у пракуратуру 4 скаргі, у міліцыю перадалі дзве. З яго слоў, заявы тычыліся таго, што выбаршчыкі скардзіліся на прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, а камісія на гэта не рэагавала, і таго, што кожны дзень старшыня камісіі парушаў выбарчае заканадаўства і даваў лічбы не за адзін дзень, а за ўсе.

«Я мяркую, што такія выклікі ў міліцыю - гэта спроба запалохаць актыўных назіральнікаў, маленькая спроба не фізічнага, а маральнага ціску, - кажа Цішко. - Бо такія скаргі - не ў кампетэнцыі міліцыі. Плюс перадалі не ўсе заявы». Актывіст дадаў, што, па ягоных звестках, з маладзечанскіх незалежных назіральнікаў пакуль выклікалі толькі яго.

Як ціск на назіральнікаў разглядае выклікі ў міліцыю і Віталь Амяльковіч, прынамсі, у выпадках у Маладзечне і Барысаве.

«Барысаў праславіўся тым, што на гэтых выбарах жанчыну звольнілі з працы пасля ўдзелу ў назіранні. У Маладзечне ўсе таксама было не ўсё так проста: адбываліся гісторыі, калі прадзяржаўныя назіральнікі правакавалі незалежных, гэта было не адзін раз», - падкрэсліў сябра Рады Руху «За Свабоду».

«Магчыма, таксама, што гэта нейкая форма помсты назіральнікам за іх актыўную працу», - сказаў на заканчэнне Амяльковіч.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках