BRUTTO прэзентавалі «Родны край» у Варшаве
1- 5.10.2015, 10:56
- 9,783
Канцэрт 4 кастрычніка ў варшаўскім клубе Hybrydy адкрыў турнэ легендарнага гурту BRUTTO з новым альбомам «Родны край».
Да 20 гадзін заля клуба Hybrydy, што ўжо стаў традыцыяй на канцэртах BRUTTO, была запоўненая цалкам. У сімволіцы - таксама традыцыя - сведчанні беларуска-ўкраінскай агульнасці: беларускія вышымайкі і ўкраінскія вышыванкі, футболкі з «Пагоняй» і футболкі з «Трызубам», лагатып дабравольніцкага палка «Азоў» і беларускага атрада «Пагоня». Праўда сцягі амаль усе былі нашы - бел-чырвона-белыя.
Канцэрт пачаўся з песні «Брута», а затым былі выкананы песні з новага альбома «Родны край» і добра знаёмыя хіты - «Воины Света», «Капитал», «Гарри», «Грай». Заля падпявала практычна ўсе песні, асабліва - «Воины Света».
Карэспандэнт charter97.org пагутарыў з некаторымі з гледачоў.
Алеся, студэнтка Варшаўскага ўніверсітэта з Адэсы (Украіна): «Я прыйшла на канцэрт BRUTTO, таму што мне вельмі падабаецца іх музыка і ўсе праекты Сяргея Міхалка. Таксама ўражвае іх грамадзянская пазіцыя і падтрымка Украіны. Іх канцэрты - гэта магчымасць зарадзіцца пазітывам і натхненнем, падсілкаваць свой баявы дух і жыццёвыя сілы, упэўненасць у тым, што мы на баку сілы і пераможам».
Мікалай, студэнт Варшаўскай Палітэхнікі з Віцебска (Беларусь): «Я заўсёды любіў творчасць Міхалка - і ў часы Ляпісаў, і цяпер BRUTTO, вельмі паважаю яго палітычную пазіцыю. Канцэрт апраўдаў чаканні. Пачуў, мабыць, усё, што хацеў пачуць. З новага альбома спадабалася кампазіцыя «Чалавек».
Ніна Ваўжанюк з Беластока (Польшча), студэнтка Ягелонскага ўніверсітэта, пераможца конкурсу па прасоўванні канцэрту ў сацсетках: «Канцэрт BRUTTO вельмі мне спадабаўся! Я бачыла іх раней на Басовішчы, і гэты канцэрт, па-мойму, быў лепш. Я хацела б пачуць больш песень на беларускай мове, але і так новы альбом проста клас. Што спадабалася больш за ўсё? Вядома, песня «Родны Край»! Але таксама «Реввоенсовет». Я слухала раней Ляпісаў перш за ўсё праз іх тэксты і мелодыі песень, BRUTTO гуляюць інакш, але таксама супер! Мне толькі крыху дзіўна, што іх музыка прыцягвае людзей правых поглядаў, якіх было сёння шмат на канцэрце».
Наталля, студэнтка Варшаўскага Collegium civitas з Менска (Беларусь): «Мне ўсё спадабалася, хоць і было адчуванне, што хлопцы «адпрацоўваюць праграму», у адрозненне ад душэўнага Ляпіса. Падчас канцэрту BRUTTO амаль не размаўлялі з гледачамі - гэта мінус, спявалі старыя добрыя песні - плюс».
Халіна Ляшкевіч, беларуская актывістка з Варшавы: «Прыйшла на канцэрт, бо цаню тое, што робіць Сяргей Уладзіміравіч на постсавецкай музычнай прасторы для адраджэння нацыянальнага гонару, гістарычнай праўды пра сілу духу нашых продкаў, а таксама папулярызацыі здаровых думак у здаровым целе. Чаканні цалкам апраўдаліся - канцэртная праграма слухалася на адным дыханні. З новага альбома спадабаліся, безумоўна, «Родны Край», а таксама «Moscow Calling».
Аксана, праграміст-тэстыравальнік з Львова (Украіна): «Вельмі люблю прыязджаць на канцэрты, бо тут можна сапраўды пачуць музыку. Жывая музыка значна больш кранае, яна больш імправізацыйная і блізкая, а яшчэ надоўга пакідае след у душы».