Сірыйскія СПА ўзялі на прыцэл турэцкія знішчальнікі
8- 7.10.2015, 17:24
- 12,428
Восем самалётаў F-16 ВПС Турцыі цягам паўтары хвілін знаходзіліся на прыцэле адной з зенітна-ракетных сістэм СПА Сірыі.
Інцыдэнт адбыўся 7 кастрычніка. Пра гэта паведамляе Hurriyet са спасылкай на інфармацыю Мінабароны Турцыі, піша "Еўрапейская праўда".
Паводле інфармацыі вайскоўцаў, самалёты патрулявалі ўздоўж лініі мяжы Турцыі і Сірыі ў сваёй паветранай прасторы і цягам адной хвіліны і трыццаці секунд былі захопленыя ў якасці мэты ракетнай сістэмай SA.
Відавочна, маецца на ўвазе ракетны комплекс, які паводле класіфікацыі NATO называецца SA-3 Goa. Гэта савецкі зенітна-ракетны комплекс С-125 "Пячора", якіх у Сірыі знаходзіцца на ўзбраенні больш за сотню.
Як паведамлялася, расейскі вайсковы самалёт парушыў паветраную прастору Турцыі паблізу сірыйскай мяжы ў суботу, 3 кастрычніка.
МЗС Турцыі выклікала пасла Расеі ў Анкары, каб выказаць яму пратэст у сувязі з парушэннем.
Пасольства Расеі ў Турцыі пацвердзіла факт парушэння расейскім вайсковым самалётам турэцкай паветранай прасторы, але патлумачыла гэта неспрыяльнымі варункамі надвор'я.
У аўторак Турцыя паўторна выклікала расейскага пасла для тлумачэнняў з нагоды другога парушэння паветранай прасторы краіны, якое адбылося ў нядзелю, 4 кастрычніка.