Катастрофа «Боінга»: Экспэрты ўстанавілі датычных да транспарціроўкі «Бука»
11- 8.10.2015, 15:03
- 18,411
Экспэртна-журналісцкая група Bellingcat апублікавала свой выніковы даклад паводле расследавання катастрофы рэйса MH17 на Данбасе.
У ім аб'яднаныя звесткі, сабраныя групай цягам года пасля катастрофы самалёта «малайзійскіх авіяліній» пад Данецкам, паведамляе «Дождж» са спасылкай на даклад Bellingcat.
У дакладзе Bellingcat гаворыцца, што 17 ліпеня 2014 г устаноўка «Бук» была перавезеная на грузавіку з Данецка ў Снежнае, а затым сваім ходам адправілася на поўдзень ад Снежнага. Адтуль, гаворыцца ў дакладзе, блізу 16:20 паводле мясцовага часу была запушчаная ракета, якая збіла самалёт «малайзійскіх авіяліній».
Аўтары дакладу запэўніваюць, што заўважаны ў раёне Снежнага «Бук» - расейскага паходжання. Паводле высноў Bellingcat, комплекс, шматлікія фатаграфіі якога былі зробленыя на тэрыторыі Украіны, знаходзіўся да гэтага ў складзе 53-й зенітна-ракетнай брыгады, якая дыслакуецца недалёка ад Курска.
У дакладзе ўстаноўка ўмоўна называецца «Бук 3х2» - па надпісе на правым борце. Са звестак Bellingcat, падобная на «Бук 3х2» машына была ў складзе вайсковага канвою, які рухаўся з Курска ў Мілерава (Растоўская вобласць) у чэрвені 2014 года.
У якасці доказаў ідэнтычнасці «Бука», заўважанага ў раёне Снежнага 17 ліпеня 2014 і ўстаноўкі гэтага ж тыпу, сфатаграфаванай на тэрыторыі Расеі ў чэрвені, прыводзяцца некалькі фатаграфій.
На здымках з Расеі (справа) і Украіны (злева), геалакацыю якіх удалося пацвердзіць Bellingcat, на «Буку 3х2» бачныя падобныя маркіроўкі пагрузкі, элементы нумару, якія захаваліся, і белая фарба на шчытку гусеніцы ў адных і тых жа месцах.
«Падчас вывучэння камандай Bellingcat мноства назіранняў ЗРК «Бук» стала зразумела, што гумовыя шчыткі над гусеніцамі ЗРК «Бук» з часам атрымліваюць пашкоджанні, і гэтыя пашкоджанні ствараюць унікальны «адбітак пальцаў», які дазваляе супаставіць «Букі» на розных фотаздымках. У выпадку «Бука 3х2» і фатаграфіі «Бука» Paris Match у Данецку шчыткі гусеніц былі практычна ідэнтычныя», - гаворыцца ў дакладзе.
У Bellingcat таксама сцвярджаюць, што ім атрымалася ўсталяваць асобы чатырох чалавек, якія маглі весці машыну, транспартаваць Бук «3х2». Інфармацыю, апублікаваную на сайце экспертна-журналісцкай групы, а таксама яшчэ неапублікаваныя дадзеныя Bellingcat перадаў Міжнароднай следчай групе, якія расследуюць катастрофу MH17.
Адзначым, што 13 кастрычніка Савет бяспекі Нідэрландаў павінен будзе апублікаваць даклад аб тэхнічных прычынах крушэння «Боінга». Канчатковы справаздачу Міжнародная следчая група пакажа ў канцы 2015 года.