4 траўня 2024, Субота, 21:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску адбылася прэм'ера спектакля пра Браніслава Тарашкевіча

У тэатры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта «На балконе» прайшла прэм'ера спектакля «Браніслаў. Сцэны з жыцця і сноў» паводле аднайменнай п'есы Эльдара Бякірава.

Спектакль паводле аднайменнай п'есе Эльдара Бякірава прысвечаны Браніславу Тарашкевічу, выдатнаму навукоўцу, беларускаму грамадскаму дзеячу.

Цягам некалькіх месяцаў акторы-аматары рэпетавалі разам з рэжысёрам і аўтарам п'есы. Эльдар Бякіраў напісаў п'есу аб рэфарматары беларускага правапісу яшчэ ў 2012 годзе, але рэалізоўваецца пастаноўка толькі цяпер - пры падтрымцы «Арт Сядзібы» і «Асамблеі недзяржаўных арганізацый».

Перад прэм'ерай Эльдар Бякіраў распавёў «Радыё Свабодзе», што рэжысёр ніколі не можа быць задаволены вынікам сваёй працы - у тэатры заўсёды застаецца прастора для ўдасканалення.

«Кастынг правялі ўлетку, а рэпетыцыі праходзілі ўвосень. Можна сказаць, што спектакль быў зроблены за паўтара месяца. Пры гэтым мы не мелі магчымасці рэпетаваць кожны дзень - акторы не прафесіяналы, а аматары, у кожнага свае клопаты, вучоба, праца. Але я мяркую, што за гэты час мы прысвяцілі сябе спектаклю, ўжыліся ў яго. Пасля спектакля я разлічваю пачуць водгукі гледачоў, на падставе якіх, магчыма, будуць зробленыя нейкія змены. Гэта спектакль-канструктар, пабудаваны са сцэн такім чынам, каб іх можна было мяняць месцамі, або вымаць, або дадаваць».

У спектаклі паўстае вобраз мовазнаўцы Браніслава Тарашкевіча, ягонай каханай, маці-Беларусі, а таксама некалькі персанажаў, якія ўвасабляюць рэаліі таго часу, калі жыў вучоны, - савецкі следчы, польскія камісары, савецкі навуковец.

Як патлумачыў рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Эльдар Бякіраў, у вобразе Тарашкевіча можна ўбачыць і сучаснага чалавека, які мае сваё ўяўленне пра будучыню краіны і вымушаны сутыкацца з рознымі выпрабаваннямі на сваім шляху.

«Каб не страціць нацыю, трэба мець мову. Пакуль ёсць надзея, я не вагаюся. Але я бачыў дрэнны сон - быццам у Менску праз 100 гадоў усё будзе на расейскай мове», - кажа галоўны герой у спектаклі.

Як адзначыў пасля прэм'еры мовазнаўца Вінцук Вячорка, папярэдні такі паказ у сценах БДУ адбыўся ў 1982 годзе:

«Беларуская Майстэрня паставіла ў БДУ спектакль «Цар Максіміліян», які быў фармальна народнай драмай, а фактычна - п'есай пра тое, як вызваліцца з-пад чужаземных культаў. І вось толькі праз 33 гады ўніверсітэцкія сцены пабачылі наступны спектакль, пастаўлены студэнтамі, які перакідае масток у тую эпоху, калі разумныя людзі разумелі, што такое каштоўнасці. Прайшоў некаторы гістарычны цыкл, і мы нікуды не дзеліся без гэтага мастка», - адзначыў Вінцук Вячорка.

Ён таксама сказаў, што да рэальнага Тарашкевіча і ягонай біяграфіі п'еса мае дачыненне, бо ён быў адным з нямногіх, хто «цягнуў» на сабе беларускую ідэю і выпрабаваў праз гэта экзыстэнцыйную трагедыю:

«Гэта паказана праз кліпы, якія адлюстроўваюць ў спектаклі выпадкі з жыцця Тарашкевіча і ягоныя сны, і архетыпы. Рэальны Тарашкевіч праходзіў праз свае выклікі».

Гледачы пасля спектакля мелі магчымасці падзяліцца з рэжысёрам і акторамі ўражаннямі і задаць ім пытанні:

«Гэта было моцна. У нас расейскамоўная сям'я, але пасля спектакля мы з жонкай пачалі абмяркоўваць, што трэба нашу дачку аддаць у беларускамоўны садок. Ды і з біяграфіяй Тарашкевіча захацелася пазнаёміцца», - сказаў адзін з гледачоў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках