22 лiстапада 2024, Пятніца, 22:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Аўтуховіч: Улады самі падымаюць народ на рэвалюцыю

31
Мікалай Аўтуховіч: Улады самі падымаюць народ на рэвалюцыю

Ціск у катле пад назвай Беларусь - на мяжы разгерметызацыі.

Пра гэта піша на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» лідар прадпрымальнікаў і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч. Паводле ягоных слоў, сітуацыя ў краіне сама прымушае людзей задумацца, як жыць далей, як выжываць у гэты не просты час.

«Здаецца, што ўсе, горш быць ужо не можа. А жыццё падае нам усё новыя і новыя выпрабаванні, - піша Мікалай Аўтуховіч. - Беларусы ўжо даўно жывуць у стане пастаяннага стрэсу. Нават у нашым раённым горадзе простаму чалавеку стала зразумела, што ўладу зусім не цікавяць праблемы народа, якія дзяржава сама і стварае. Стала відавочным, што бюджэт краіны пачалі папаўняць за кошт простых грамадзян. Штрафуюць усе кантралюючыя органы. Штрафуюць за што толькі можна. Калі няма парушэнняў, то чыноўнікі правакуюць людзей на парушэнні. Тых, хто абураецца або спрабуе абурацца, ставяць на месца супрацоўнікі міліцыі, пракуратуры і судоў. Вось так у нас атрымліваецца спакойнае ціхамірнае дзяржава. А рэальна сітуацыя вельмі выбуханебяспечная.

З прадпрымальнікаў, якія больш за іншых праяўляюць сваю грамадзянскую пазіцыю, пракуратура занялася выбіваннем грошай. Так у адным з раёнаў Гарадзенскай вобласці пракуроры без усялякіх падстаў вымушаюць падатковыя органы праводзіць камеральныя праверкі і пісаць акты на канкрэтных прадпрымальнікаў. І суды, не маючы ні аднаго доказу парушэння гэтымі прадпрымальнікамі закона, прызнаюць іх вінаватымі. Ці гэта не бязмежжа ўлады?»

Мікалай Аўтуховіч нагадаў, што дыктатар, палохаючы чыноўнікаў, часта казаў пра сітуацыю ва Украіне. Прадпрымальнік адзначае, што палітычны клімат у Беларусі горшы, чым быў у суседняй краіне напярэдадні Майдана..

«Паводле слоў Лукашэнкі, падзеі ва Украіне адбыліся праз развал эканомікі і страшную карупцыю. Але асноўнага фактару ён не ўказаў, - гэта самавольства чыноўнікаў усіх галін улады, які пладзіў і пакрываў Віктар Януковіч, - падкрэслівае Мікалай Аўтуховіч. - У нас у Беларусі сітуацыя з бязмежжам чыноўнікаў яшчэ больш горшая, чым ва Украіне. У нас няма ні аднаго, вальнадумнага чыноўніка, алігарха, які б адкрыта назваў рэчы сваімі імёнамі. Затое ў нас ёсць кішэнная пракуратура, кішэнныя суды. Ва ўсіх калідорах улады - кругавая парука. Механізм развязання любых праблем складаецца ў пастаянным злоўжыванні ўсімі чыноўнікамі адміністрацыйным рэсурсам дзяржаўнай улады. А менавіта глабальная несправядлівасць узняла ўкраінскі народ на вайну супраць такой улады.

Баюся, што ў нашай краіне рыса няўхільнасці такіх падзей, як ва Украіне, пройдзеная даўно. І ціск у катле пад назвай Беларусь - на мяжы разгерметызацыі. Эканоміку Беларусі ўлада разваліла і працягвае развальваць. Паставілі на калені буйныя прадпрыемствы, малыя прадпрыемствы ды індывідуальных прадпрымальнікаў сваімі антынародны ўказамі, антыканстытуцыйнымі дэкрэтамі, зменамі ў падатковым заканадаўстве».

Мікалай Аўтуховіч пералічвае апошнія ініцыятывы ўладаў, накіраваныя на ўвядзенне новых пабораў з насельніцтва.

«Чаго толькі варта змяненне ў падатковым кодэксе у аплаце падатку на пастаўлены тавар, піша ён. - Пасля зменаў, аплата ПДВ адбывалася за яшчэ не прададзены тавар. Пакуль грошы часткамі паступалі за прададзены тавар, інфляцыя ўжо з'ядала кошт грошай і сума ПДВ такім чынам даходзіла ад 60% да 100%. Многія прадпрыемствы і прадпрымальнікі не маглі своечасова праплачваць велічэзныя сумы, якія звальваліся на іх у адзін момант і адразу сутыкаліся з арыштамі рахункаў, выстаўленне на картатэку і немалымі штрафамі. А з іншага боку многія прадпрыемствы, набліжаныя да верхавіны ўлады, увогуле вызваляліся ад падаткаў, варочаючы казачнымі сумамі няўлічаных даходаў.

А гэты закон, які абавязаў прадпрымальнікаў плаціць падатак у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, незалежна ад таго, былі ў прадпрымальніка даходы ці не, калі прадпрымальнік афіцыйна не зачыніў сваю дзейнасць. Я, да прыкладу, знаходзіўся ў турме і не меў магчымасці зачыніць прадпрымальніцтва, калі выйшаў гэты закон. У турме я не працаваў, гэта значыць не меў ніякіх даходаў, дык чаму я павінен нешта плаціць? І адкуль мне ўзяць грошы, якія ад мяне патрабуе фонд сац. абароны насельніцтва? Проста бязмежжа. І такіх выпадкаў і прыкладаў, вялікае мноства.

І самы антынародны - закон аб дармаедстве. Эканоміка краіны ў заняпадзе, прадпрыемствы стаяць, працы няма. Самы час дзяржаве падумаць, як падтрымаць сваіх грамадзян, якія страцілі працу і сродкі да існавання. І на фоне гэтага эканамічнага крызісу выходзіць закон аб дармаедстве. Дзе логіка? Калі кімсьці не пераследуецца мэта падняць народ на якіясьці рэвалюцыйныя пераўтварэнні».

Былы палітвязень піша пра пераследы працаўнікоў ягонай фірмы з боку кантралюючых органаў і пра самавольства чыноўнікаў транспартнай інспекцыі ў Ваўкавыску.

«Я доўга не мог разабрацца ў прычынах такіх паводзінаў, а ўсё аказалася вельмі проста, - адзначае ён. - Начальнік мясцовай транспартнай інспекцыі ў карыслівых мэтах выкарыстаў і да гэтага часу выкарыстоўвае сваё службовае становішча ў інтарэсах канкуруючай фірмы таксі, паказваючы сябе як наймацнейшага прафесіянала, выкарыстоўваючы сваіх падначаленых, як апрычнікаў. А ў нашым горадзе даўно і да гэтага часу працуюць неаформленыя таксісты, якіх гэты начальнік не кранае. Гэта лёгка даказаць. А гэта ўжо сур'ёзнае парушэнне, якое цягне на крымінальны артыкул. І вось, ратуючы гонар мундзіра транспартнай інспекцыі, яго начальства ў Гародні і Менску нават не адрэагавалі на безгрунтоўныя нападкі на наша прадпрыемства. Цяпер транспартная інспекцыя прыйшла да нас з праверкай. Думаю, падзеі толькі пачынаюць разгортвацца, таму мы абавязкова яшчэ пра гэта раскажам. Скажу толькі, што займацца бізнэсам у такой сітуацыі нельга.

Я вітаю тых прадпрымальнікаў, якія адкрыта ідуць на супрацьстаянне з беззаконнем. Толькі так можна адстаяць свае правы. Кожны для сябе павінен зрабіць выснову, устаць з каленяў або працягваць моўчкі назіраць, як цябе за твае ж грошы маюць тыя, хто павінен служыць табе, свайму народу. А яны паступаюць з намі, як князі з рабамі.

Пакуль людзі не навучацца адстойваць свае правы, абараняць сваю ўласнасць, класціся косткамі за сваіх родных, за свой дом, яны ніколі не змогуць стаць абаронцамі сваёй Радзімы. Радзіма і ёсць твой дом, твая ўласнасць, твая свабода».

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках