З 1 снежня санаторыі Крыма зачыняюцца
19- 28.11.2015, 13:42
- 14,278
Прычына - немагчымасць арганізаваць ацяпленне гэтых аб'ектаў.
Улады Крыму з 1 снежня спыняць прыём адпачывальнікаў у санаторыі Міністэрства аховы здароўя праз немагчымасць арганізаваць ацяпленне гэтых аб'ектаў.
Як паведамляе прэс-служба ўправы МНС у рэспубліцы Крым, пастанова прыпыніць прыём адпачывальнікаў ва ўстановы санаторна-курортнага комплексу была прынятая на пасяджэнні аператыўнага штаба ў пытаннях энэргазабеспячэння рэспублікі, піша РБК.
Падставай для забароны таксама стала пахаладанне, якое чакаецца ў рэгіёне.
Намеснік кіраўніка МНС Расеі Аляксандр Чупрыян таксама заклікаў мясцовыя органы ўлады разуменнем паставіцца да сітуацыі і ўносіць у заяўкі на ўсталяванне дадатковых генератарных установак толькі тыя аб'екты і ўстановы, якія сапраўды маюць патрэбу ў электраэнэргіі.
Энэргазабеспячэнне Крыма з тэрыторыі Украіны было спыненае 22 лістапада пасля падрыву ў Херсонскай вобласці чатырох апор ліній электраперадачы (ЛЭП), якія вялі на паўвыспу. Пры спробах правядзення рамонтных прац паміж праваахоўнікамі і ўкраінскімі актывістамі адбыліся сутыкненні. У руху «Грамадзянская блакада Крыму» заявілі, што рамонтнікаў не дапусцяць да ЛЭП да таго часу, пакуль не будуць вызваленыя затрыманыя актывісты руху.
У адказ на спыненне паставак электраэнэргіі Расея спыніла пастаўкі вугалю на Украіну. 27 лістапада міністр энэргетыкі і вугальнай прамысловасці Украіны Уладзімір Дземчышын заявіў, што пры аднаўленні адной з ліній электраперадачы (ЛЭП) у Крым, пастаўкі вугалю з Данбаса і Расеі адновяцца. «Пры аднаўленні лініі на Тытан [220 кВ «Кахоўская -Титан»] мы вырашым пытанне з вуглём. Такім чынам, мы вырашым свае пытанні, а не іх», - сказаў Дземчышын.