15 снежня 2024, Нядзеля, 6:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памочнік Лукашэнкі: Рэформ у Беларусі не будзе

126
Памочнік Лукашэнкі: Рэформ у Беларусі не будзе
Кірыл Руды

Памочнік дыктатара назваў прычыны, праз якія ўлады не будуць праводзіць у краіне рэформы.

Існуе шэраг прычын, праз якія рэформы ў 2016 годзе не атрымаюцца, заявіў на канферэнцыі "Эканоміка Беларусі: зноў перад выбарам" 3 лістапада ў Менску памочнік Лукашэнкі ў эканамічных пытаннях Кірыл Руды, інфармуе БелаПАН.

"Першая прычына: для шырокіх мас патрэба рэформаў невідавочная. Грамадскага запыту на рэформы няма, а калі так, то ўзнікае пытанне, навошта яны", - адзначыў Руды.

Акрамя таго, паводле ягоных слоў, рэформы звычайна праводзяць, калі ў краіне няма грошай. "Аднак фактычна сказаць, што ў нас няма грошай, нельга - грашовая плынь ёсць", - падкрэсліў эканаміст.

"Трэцяя прычына, праз якую рэформаў не будзе ў 2016 годзе: адсутнасць вонкавых стымулаў. Досвед краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы паказвае, што яны ішлі на рэформы, калі уступалі ў Еўрапейскі звяз. Але калі яны апынуліся на "борце"- рэформы спыніліся", - сказаў Руды, спасылаючыся на досвед Славеніі, Вугоршчыны ды Літвы.

На ягоную думку, гіпатэтычна стымулам для Беларусі праводзіць рэформы магло стаць запаволенне эканамічнага развіцця краін рэгіёну, "аднак мы ў гэтай сітуацыі жывем ужо даўно і да яе адаптаваліся".

Чацвёртая прычына, праз якую рэформы ў краіне не праводзяцца, у тым, што для іх рэалізацыі павінны быць адпаведныя спецыялісты, растлумачыў памочнік Лукашэнкі.

"Паўстае пытанне, каму дэлегаваць правядзенне рэформаў. Хто ў нас на дзяржаўнай службе мае досвед працы па-рынкаваму, па-заходняму? Заходні касцюм трэба адрозніваць ад заходніх мазгоў", - сказаў Руды.

Ён адзначыў, што нават калі на дзяржслужбе і ёсць нейкая колькасць людзей, якія могуць "рэалізаваць найлепшыя практыкі правядзення структурных рэформаў", то незразумела, як яны будуць "спалучацца з сілавікамі, гаспадарнікамі, якія з'яўляюцца выхаванцамі савецкай школы".

Нягледзячы на вышэйпералічаныя прычыны, існуюць перадумовы, якія могуць усё ж такі прывесці да рэалізацыі рэформаў, сказаў Руды.

"Патрэбная ўцягнутасць грамадскасці ў працэс рэалізацыі рэформаў. Калі няма грамадскага запыту на рэформы, гэта не азначае, што няма грамадскага запыту на лепшае жыццё", - сказаў Руды, паклікаўшы эканамістаў выконваць асветніцкую функцыю і тлумачыць шырокім масам станоўчыя вынікі, да якіх могуць прывесці рэформы.

Акрамя таго, мяркуе Руды, трэба стымуляваць запыт на рэформы з боку сярэдняга класа. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што "задача ўлады, урада - узгадоўваць сярэдні клас", і адзначыў, што ў Беларусі дзель сярэдняга класа ніжэйшая, чым у іншых краінах.

Яшчэ адная ўмова, дадаў Руды, пры якой рэформы могуць атрымацца, - наяўнасць адпаведнага запыту з боку палітычнай эліты. "У апошнія гады ва ўрадзе і Нацбанку адбыўся зрух пакаленняў, і з 2013 года органы ўлады, незалежна ад таго, хто іх узначальвае, пастаянна распрацоўваюць праграмы рэформаў", - адзначыў памочнік Лукашэнкі.

Такім чынам, выснаваў ён, існуюць розныя чыннікі, якія могуць як перашкаджаць, так і спрыяць рэформам.

"Але відавочна адно: пры значным пагаршэнні сітуацыі рэакцыя дакладна будзе. Пры цэнтралізацыі пастаноў хуткая рэакцыя з боку ўлады можа мець розныя кірункі і розныя наступствы", - мяркуе Руды.

Напісаць каментар 126

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках