2 траўня 2024, Чацвер, 19:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: Даходы беларусаў абрынуцца яшчэ больш

28
Леанід Злотнікаў: Даходы беларусаў абрынуцца яшчэ больш
Фото: БелТА

Адбываецца не проста рэцэсія, а сапраўдны крах той мадэлі, якая існавала ў краіне доўгія гады.

Пра гэта заявіў вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў на канферэнцыі «Рубікон-2015» у Таліне, паведамляе БДГ.

З ягоных слоў, за студзень-жнівень 2015 напрыклад, спад у прамысловасці склаў 7%, экспарту - 25%, імпарту - 27%. Большасць буйных прадпрыемстваў краіны, якія вядомыя як твар беларускай індустрыі - МАЗ, БелАЗ, трактарны і іншыя - скончылі мінулы год са стратамі, растуць запасы на складах. Так, беларускі завод грузавых вагонаў, напрыклад, прымудрыўся назапасіць на складах гадавы аб'ём вытворчасці.

Беларускі ўрад спрабуе пераканаць насельніцтва, што на стане нашай эканомікі адбіваецца сусветны крызіс, падзенне коштаў нафтапрадуктаў, санкцыі ЕЗ у дачыненні да Расеі і Беларусі. Але гэтыя знешнія фактары - гэта яшчэ не ўся праўда.

Зніжэнне вытворчасці пачалося яшчэ да сярэдзіны 2014 года, да таго, як былі ўведзеныя санкцыі супраць Расеі і да падзення коштаў на рынку нафты. Спад у беларускай эканоміцы пачаўся яшчэ ў 2012 годзе і выкліканы не толькі замежнымі абставінамі.

Леанід Злотнікаў нагадаў, што з 2000-х гадоў у Беларусі прайшла хваля «мадэрнізацыі» прамысловасці, сельскай гаспадаркі, афіцыйна больш за палову прадпрыемстваў прайшлі праз мадэрнізацыю, абнаўленне, змену абсталявання. Аднак яна не дала аддачы, што фіксуюць і экспэрты Сусветнага Банка.

Інвестыцыі складалі ў Беларусі 30-31% УБП - больш чым у Расеі ці Казахстане. Больш за ўсё інвестыцый было ўкладзена ў сельскую гаспадарку, аднак уся сельскагаспадарчая галіна сёння знаходзіцца ў глыбокай фінансавай яме. Каэфіцыент плацежаздольнасці роўны 13. Гэта значыць, што сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, больш за 90% якіх засяроджана пад эгідай міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, сёння павінны аддаваць увесь свой даход крэдыторам 13 месяцаў запар, каб выплаціць крэдыторскую запазычанасць.

У Расеі гаспадарка неплацежаздольная, калі яна цягам трох месяцаў пратэрміноўвае выплату пазыкаў, г. з. яна становіцца банкрутам. У Беларусі дзяржпрадпрыемствам дзяржава аказвае дапамогу, вылучаючы крэдыты прыкладна пад 9 адсоткаў. Пры гэтым прыватныя прадпрыемствы бяруць пад 30 і больш адсоткаў. Але і танныя крэдыты дзяржпрадпрыемствам не дапамагаюць Яны застаюцца стратнымі і неплацежаздольнымі.

Але, нягледзячы на ўсё гэта, улады павялічвалі даходы насельніцтва: з 2012 года да сярэдзіны 2014 рэальны заробак вырасла на 145%, амаль у паўтара раза. А УБП, г. з. колькасць прадуктаў і паслуг для канчатковага спажывання, за гэты час вырас толькі на 1,5-2%. У выніку ўтварыліся вялікія «нажніцы» - паміж магчымасцямі эканомікі і ўзроўнем даходаў насельніцтва.

Прадпрыемствы бясконца бралі крэдыты, выплачвалі старыя запазычанасці за кошт новых, атрымлівалі вялікія субсідыі. Але ў 2015 годзе субсідыі і крэдыты скараціліся. Таму зніжэнне даходаў насельніцтва не ўдалося стрымаць нават перад выбарамі: у жніўні-верасні 2015 даходы насельніцтва рэзка знізіліся (на 5-6%).

На думку эканаміста, калі не будзе замежнай падтрымкі, рэальныя даходы насельніцтва цягам 1-1,5 года ўпадуць яшчэ на 15-20%. Але нават калі падтрымка будзе, сродкі ўсё роўна будуць праедзеныя, як і грошы, выдзеленыя калісьці пад Белтрансгаз.

Улады ніяк не збіраюцца мяняць рэжым. Беларусь трапіла ва ўласную пастку. Як адаб'ецца гэта на насельніцтве, на яго настроі - яшчэ невядома.

Увогуле, спад ідзе даўно, і беларуская мадэль рухаецца да свайго фіналу.

Адказваючы на пытанні БДГ, Леанід Злотнікаў выказаў сваё меркаванне аб пастанове эканамічных праблем у Беларусі.

- Што, на вашу думку, трэба зрабіць уладам, каб спыніць спад у эканоміцы?

- Патрэбны комплексныя рэформы, патрэбна рынкавая мадэль эканомікі. У першую чаргу, у сельскай гаспадарцы, бо без гэтага не будзе рэсурсаў для развіцця іншых галін эканомікі. А сельская гаспадарка, нягледзячы на намаганні ўладаў, па-ранейшаму застаецца на нізкім узроўні эфектыўнасці. Для змены сітуацыі нічога новага прыдумляць не трэба, яшчэ нямецкія лібералы стварылі сацыяльна арыентаваную рынкавую мадэль эканомікі. У гэтай мадэлі павінен быць высокі ўзровень эканамічнай свабоды і, перш за ўсё, свабоды коштаўтварэння.

- Якімі павінны быць першыя крокі?

- Першае, што трэба змяніць - гэта адпусціць кошты. Кошты ў краіне павінны быць свабоднымі, за выключэннем прыкладна пяці адсоткаў, дзе рэгуляванне коштаў неабходнае - напрыклад, кошты на лекі. У нас жа кошты стрымліваўся дзяржавай нават пасля дэвальвацыі, а зніжэнне коштаў на прадукты прывяло да страт сельгаспрадпрыемстваў і толькі да часовага павышэння ўзроўню рэальнага заробку.

- Што яшчэ трэба мяняць?

- Мяняць трэба ўсё, пачынаючы з Канстытуцыі, якая нацэлена на сацыялізм. У Канстытуцыі запісана, напрыклад, што дзяржава забяспечвае поўную занятасць (адсюль і абразліва нізкая дапамога ў беспрацоўі - 13 даляраў. Нават ва Украіне гэта дапамога большая за 100 даляраў). Наогул, з эканамічнага пункту гледжання залішняя працоўная сіла павінна быць, - гэта 3-5% незанятага насельніцтва, якая можа стаць рабочай сілай для новых прадпрыемстваў.

Трэба таксама банкрутаваць стратныя прадпрыемствы са састарэлым тэхнічным абсталяваннем і арганізацыяй вытворчасці. У Беларусі практычна 50% прадпрыемстваў з крытычнай рэнтабельнасцю ніжэй за нуль. Г. з. не менш за палову прадпрыемстваў краіны рэальна стратныя.

Сёння дзяржава пераразмяркоўвае рэсурсы такім чынам, каб падтрымаць стратныя прадпрыемствы. Усё гэта заблыталася, усё гэта непрацаздольна, і ўсё гэта трэба мяняць.

- Але ўсё гэта змогуць зрабіць толькі эканамічна пісьменныя людзі?

- Так. Кіраўнічая эліта павінна зразумець, што камандная мадэль эканомікі ў прынцыпе нежыццяздольная. Але той ліберальна адукаванай эліты, якая разумела б гэта і была здольная рэгуляваць эканоміку на макраўзроўні, у нас вельмі мала. Асабліва ў верхніх эшалонах улады.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках