Сёння ў Менску сустрэнуцца прадстаўнікі «нармандскай чацвёркі»?
4- 10.02.2015, 16:15
- 20,090

Акрамя кантактнай групы аб Украіне сёння ў Менску могуць сустрэцца прадстаўнікі краін «нармандскай чацвёркі».
Паводле адной з версій, гэта могуць быць перамовы на ўзроўні прадстаўнікоў МЗС Украіны, Расеі, Нямеччыны і Францыі, якія сустракаліся напярэдадні ў Берліне. «Тыя людзі, якія ўчора сем з лішнім гадзін абмяркоўвалі вядомую вам тэму, сёння прыязджаюць у Менск з той жа самай прычыны», - паведаміла БелаПАН крыніца ў амбасадзе РФ у Беларусі.
Паводле іншай версіі, у Менску сёння могуць сабрацца памочнікі Пятра Парашэнкі, Уладзіміра Пуціна, Ангелы Мэркель і Франсуа Аланда.
Але афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі на гэты момант няма. У МЗС Беларусі, які займаецца арганізацыяй пасяджэння трохбаковай кантактнай групы (Украіна - Расея - АБСЕ) з удзелам данбаскіх сепаратыстаў, звесткі аб іншых перамовах не каментуюць. Не даюць каментароў на гэтую тэму і пасольствы Нямеччыны і Францыі.
Час пачатку пасяджэння трохбаковай кантактнай групы пакуль не вядомы.
Як адзначаюць прадстаўнікі бакоў, якія ўдзельнічаюць у мірных перамовах, ад сённяшніх пасяджэнняў у Менску шмат у чым залежыць, ці адбудзецца прызначаная на 11 лютага сустрэча «нармандскай чацвёркі».
Фота: AP