Прадпрымальнікі масава закрываюць бізнэс
112- 12.02.2015, 9:20
- 138,940
Індывідуальныя прадпрымальнікі вымушаныя закрываць бізнэс праз адсутнасць прыбытку.
Пра гэта заявіў прадстаўнік рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Перспектыва», прадпрымальнік з Менска Вячаслаў Піліпук, каментуючы «Радыё Свабода» сітуацыю, якая склалася.
«Кошт аднаго квадратнага метра пры куплі ва ўласнасць якога-небудзь памяшкання тут даходзіла да $7000 за адзін квадратны метр. Вось цяпер мы размаўлялі з прадпрымальнікамі, якія тут гандлююць. Яны кажуць: «У нас было шэсць кропак, а цяпер у мяне адна і я стаю адзін. Цяпер, нават калі мне прапануюць за тысячу даляраў за квадратны метр я не буду яго нават купляць». Чаму такая сітуацыя адбылася? Гэтая сітуацыя адбылася менавіта таму, што за апошнія гады тыя чыноўнікі, якія знаходзяцца пры кіраванні эканомікай краіны не змаглі знайсці той шлях развіцця, калі дабрабыт грамадзян расце.
Чаму прадпрымальнікі сёння сыходзяць са сваіх наседжаных арандаваных месцаў і закрываюць свой бізнэс, які прыносіў ім прыбытак? Таму што ў прадпрымальнікаў на сённяшні дзень няма прыбытку. Няма прыбытку, таму што няма пакупніцкай здольнасці ў грамадзян. Бо грамадзянін з ахвотаю пакідае грошы і робіць пакупкі толькі тады, калі ў яго ёсць упэўненасць у заўтрашнім дні, што ён заўтра запрацуе і папоўніць свае выдаткі. Сённяшняя сітуацыя ў краіне, у эканоміцы такая, што ў грамадзян няма грошай, адпаведна яны ўжо купляюць не тое, што ім хочацца, яны купляюць тое, што ім неабходна. Гэта прадукты харчавання. Таму на наш погляд сёння ў гэтай сітуацыі ўраду і чыноўнікам трэба шукаць вельмі пісьменныя аптымальныя развязанні. І на наш погляд аптымальнае пісьменнае развязанне можа быць толькі тады, калі самі прадпрымальнікі будуць удзельнічаць у працэсе прыняцця і пошуку вось гэтых развязанняў», - сказаў ён.
Таксама прадпрымальнік заявіў, што на закрыццё бізнэсу паўплывалі паборы чыноўнікаў.
«Другі момант, на які цяпер звяртаюць увагу прадпрымальнікі, мы са свайго боку, што неабходна ствараць умовы для развіцця малога і сярэдняга бізнэсу, асяроддзе спрыяльнае для гэтага. На сённяшні дзень мы бачым, што чыноўнікі пайшлі іншым шляхам напаўнення бюджэту: не з добрай прадпрымальніцкай дзейнасці, якая прыносіць даход прадпрымальнікам і прадпрымальнікі маюць магчымасць плаціць падаткі ў казну. А яны пайшлі іншым шляхам - шляхам канфіскацыяў, штрафаў і гэтак далей. Якім чынам гэта робіцца? Усё вельмі проста - ствараюцца ўмовы неспрыяльныя для вядзення бізнэсу, невыканальныя патрабаванні для прадпрымальнікаў. Прадпрымальнікі вядома не могуць працаваць у гэтых умовах, але вымушаныя для таго каб утрымліваць свае сем'і, таму ідуць фактычна на парушэнні, прыходзіць праверка ў іх канфіскуе. Але ад гэтага нікому добра не будзе. Таму наша прапанова заўсёды была: давайце разам збірацца думаць і выходзіць са складанай эканамічнай сітуацыі», - сказаў ён.
На 16 лютага «Пэрспэктыва» плануе форум з удзелам прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў Беларусі, дзе будуць узнятыя самыя вострыя праблемы прадпрымальніцкай грамадскасці. Да дыялогу запрошаныя і чыноўнікі зацікаўленых дзяржаўных устаноў.