«Газпром» у разліках з Беларуссю перайшоў на расейскія рублі
12- 19.02.2015, 15:05
- 11,878
Беларусь, якая купляе ў год амаль 20 мільярдаў кубаметраў расейскага газу, з канца мінулага года разлічваецца за яго расейскімі рублямі.
Пра гэта ў інтэрв'ю «Расеі 24» заявіў начальнік фінансава-эканамічнага дэпартамента «Газпрому» Андрэй Круглоў, паведамляе «Інтэрфакс».
Пры гэтым напрыканцы снежня 2014 г. стала вядома, што Беларусь і Расея дамовіліся фіксаваць кошты на харчовыя тавары, якія пастаўляюцца ў РФ, у валюце. Як заявіў намеснік прэм'ер-міністра беларускай дзяржавы Міхаіл Русы, гэта было зроблена для таго, каб беларускія прадпрыемствы не неслі страты.
18 снежня Міхаіл Мясніковіч, які займаў на той момант пасаду прэм'ер-міністра Беларусі, заявіў, што на расейскім гандлёвым рынку за год Менск страціў 739 млн даляраў. У той жа дзень Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада краіны перавесці разлікі з Расеяй у даляры і еўра. З ягоных слоў, такія захады павінны былі быць прынятыя ўжо даўно. «Пастаўленая задача гандляваць не за рублі з Расеяй, а за даляры, як мы плацім за энэрганосьбіты», - падкрэсліў Лукашэнка.
«Газпром» - не адзіная кампанія, якая перайшла апошнім часам на разлікі ў рублях. У канцы 2014 года віцэ-прэзідэнт «Лукойла» Леанід Фядун заявіў, што кампанія ўкладвае кантракты з міжнароднымі падрадчыкамі ў рублях.
У жніўні 2014 «Газпром нафта» паведаміла пра тое, што дамовілася прадаць на экспарт у Еўропу 80 тысяч тон нафты з магчымай аплатай у рублях.
Магчымасць пераходу на рублі пры экспарце энэргарэсурсаў пачала абмяркоўвацца ва ўрадзе і сярод удзельнікаў рынку адразу пасля ўзнікнення пагрозы заходніх санкцый. Пры гэтым многія заклікалі да асцярожнасці ў гэтым пытанні: прынамсі, прэзідэнт «Раснафты» Ігар Сечын заявіў, што галіна да такіх пераходаў не гатовая, паколькі большая частка кантрактаў укладзеная ў далярах.