ЗША рыхтуюць новыя санкцыі супраць расейскага бізнэсу
9- 4.02.2015, 13:19
- 35,925
Вашынгтон распрацоўвае новыя санкцыі ў дачыненні да Расеі.
Пра гэта паведаміла крыніца выдання Wall Street Journal у Белым доме. Яна ўдакладніла, што гаворка ідзе пра новыя абмежаванні ў сферы бізнэсу, аднак не згадала, што менавіта рыхтуе Вашынгтон, піша РБК.
Пры гэтым суразмоўца газеты прызнаў, што цяперашні пакет санкцый хоць і ўдарыў па расейскай эканоміцы, аднак пры гэтым не змяніў пазіцыю Крамля ва ўкраінскім пытанні. Ён выказаў здагадку, што, магчыма, павінен прайсці яшчэ нейкі час, каб санкцыі прывялі да адчувальных вынікаў.
Пры гэтым выданне мяркуе, што ў Вашынгтоне ёсць нямала прыхільнікаў прадстаўлення вайсковай дапамогі Украіне ў выглядзе адпраўкі туды амерыканскай смяротнай зброі. Прыхільнікі гэтага пункту гледжання вераць, што Украіна даможацца з дапамогай гэтых паставак перамогі ў ваенным канфлікце.
Супраць паставак зброі выступае прэзідэнт ЗША Барак Абама. У інтэрв'ю CNN у мінулую нядзелю ён падкрэсліў, што ЗША будуць дамагацца свайго пры дапамозе дыпламатычных метадаў. «Я не думаю, што гэта будзе правільна з боку ЗША ці іншых краін уступаць у ваенны канфлікт з Расеяй. Але мы ўзмацняем межы краін, якія з'яўляюцца чальцамі NATO», - сказаў кіраўнік Белага дома.