МЗС Літвы: Санкцыі супраць уладаў Беларусі скасуюць, калі не будзе палітвязняў
7- 5.02.2015, 14:17
- 12,368
Еўропа скасуе свае санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі толькі тады, калі будзе дасягнуты значны прагрэс у сферы абароны правоў чалавека і будуць вызваленыя палітвязні.
Такую заяву зрабіў сёння ў Вільні намеснік міністра замежных спраў Літвы Андрус Крывас. 4 лютага ён быў у Менску, дзе праводзіў перамовы са сваёй калегай - намесніцай міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной, паведамляе «Радыё Свабода».
Літоўскі дыпламат таксама заявіў, што ягоная краіна высока ацэньвае пазіцыю Беларусі ў расейска-ўкраінскім канфлікце і пастанову Менска не далучацца да санкцый, якія Расея ўвяла ў дачыненні да краін Еўразвяза.
Са слоў Андруса Крываса, на саміце «Усходняга партнёрства», які пройдзе ў Рызе 21-22 траўня, Беларусь можа парафіраваць пагадненне з Еўразвязам аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі.
Закрануўшы тэму прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія павінны адбыцца не пазней за 20 лістапада 2015 года, літоўскі дыпламат адзначыў «неабходнасць празрыстай арганізацыі перадвыбарчага працэсу і выбарчай кампаніі з прыцягненнем міжнародных механізмаў назірання».